Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым распавёў пра кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскага прэзідэнта. Паводле яго слоў, яны адбыліся «нядаўна».
«Вось на гэтым месцы нядаўна былі прадстаўнікі Зяленскага. Я ім проста сказаў: “Хлопцы, вы перадайце свайму прэзідэнту: калі ён думае, што можна вось так з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што характар вайны імгненна зменіцца. Гэта будзе зусім іншая вайна.
Дарэчы, мы атрымалі адказ: прэзідэнт і яны гэта разумеюць. Таму давайце, хлопцы, дамаўляцца. Трэба дамаўляцца па сутнасці. Не трэба пыліць. Не трэба крычаць. Не трэба спрабаваць у морду па-руску біць і гэтак далей. Давайце па-чалавечы. Разумеючы, што такое Расія і што такое мы. Такое разуменне таксама ёсць», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка адкінуў заявы пра тое, што Расія імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну.
«Уцягвацца ў вайну нам не трэба. І не трэба нас падштурхоўваць да таго, што Барыс Вячаслававіч (пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў — Reform.news) арганізоўвае тут працэс, каб уцягнуць нас у вайну. Мы з прэзідэнтам Расіі тысячу разоў абмяркоўвалі гэтую тэму.
Ну як ваяваць супраць украінцаў тут, калі з таго боку тэрытарыяльныя войскі ў асноўным? Мы што, будзем у гэтых механізатараў, даярак і рабочых хлопцаў страляць, якія не хочуць ваяваць з беларусамі? Мы таксама не хочам ваяваць з украінцамі», — заявіў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі хапае сваіх зямель і эканомікі, таму Мінск прытрымліваецца міралюбнай пазіцыі, але будзе з Расіяй.
«Таму наша пазіцыя, Андрэй, каб ты разумеў, міралюбная. Але ў любой сітуацыі мы будзем побач з Расіяй», — сказаў Лукашэнка.
«Мы гэта вельмі цэнім, Аляксандр Рыгоравіч», — адказаў Вараб’ёў.
«Інакш быць не можа. Паслухайце, мы разумеем, што можа быць, калі Захад зноў сюды ўлезе і пераможа. Я не кажу пра Украіну. Ну, якая Украіна? Не пра Украіну ідзе гаворка. Мы разумеем, з кім мы ваюем сёння.
Хочуць міру? Давайце дамаўляцца па сутнасці. Нам вайна не патрэбна. Нам і зямель хапае, і нашай эканомікі хапае, і праблем хапае. Таму ніякай канфрантацыі, не трэба тут пыліць. Я гэта кажу для таго, каб вы разумелі маю пазіцыю, я яе не хаваю.
Мір і толькі мір, але з поўнай гарантыяй, што яны не будуць з намі гуляцца і, як Пуцін кажа, у чарговы раз не змогуць нас падманваць, таму што падман Расіі — гэта, перш за ўсё, ударыць па Беларусі. Мы на пярэднім краі нашай айчыны, мы гэта выдатна разумеем.
Таму мы хочам, каб Украіна сёння, Андрэй, Украіна сёння — разменная карта ў вялікай гульні. Справа зусім не ва Украіне. Ведаеш, у чым справа і хто з кім змагаецца ў канчатковым выніку. Таму трэба тут разабрацца і недзе свае інтарэсы камусьці прасоўваць. Ні нам, ні Расіі гэта не трэба», — сказаў Лукашэнка.