Фото: shsrada.gov.ua
У памежных грамадах Валынскай вобласці пачнуць усталёўваць антыдронавыя сеткі ўздоўж асобных участкаў дарог. Пра гэта стала вядома па выніках рабочай сустрэчы ў Шацкім пасялковым савеце з удзелам выканаўцы абавязкаў начальніка Валынскай абласной вайсковай адміністрацыі Рамана Раманюка.
Значная частка сустрэчы была прысвечана пытанням бяспекі на мяжы з Беларуссю. Раманюк адзначыў, што рызыкі з боку суседняй краіны захоўваюцца, таму Валынская вобласць працягвае сістэмна рыхтавацца да любых магчымых выклікаў. Паводле яго слоў, падрыхтоўка абарончых рубяжоў на Валыні пачалася задоўга да поўнамаштабнага ўварвання. У вобласці абсталяваны інжынерныя загароды, умацаваны абарончыя пазіцыі. Адной з новых мер стане ўсталяванне антыдронавых сетак на пэўных участках дарог, у тым ліку на тэрыторыі Шацкай грамады.
«Мы павінны быць максімальна гатовыя да любога развіцця падзей. Валынь сёння з’яўляецца адной з найбольш падрыхтаваных памежных абласцей Украіны, і гэтую працу неабходна працягваць», – прыводзіць яго словы сайт Шацкай пасялковай грамады.