У снежні арганізацыі зноў часцей звальнялі, чым прымалі на працу

У Беларусі арганізацыі ў снежні звольнілі на 1548 чалавек больш, чым прынялі на працу. Баланс па выніках 12 месяцаў захаваўся на карысць звальненняў. На гэта ўказваюць новыя даныя Белстата. У справаздачу не ўключаюцца звесткі аб мікра- і малых прадпрыемствах без ведамаснай падпарадкаванасці. Да гэтага, у лістападзе, колькасць прынятых на працу перавышала колькасць звольненых.

У снежні былі прыняты на працу 48,5 тыс. чалавек, а звольнены — крыху больш за 50 тыс. У выніку колькасць звольненых аказалася на 1548 большай, чым прынятых на працу.

Па выніках 12 месяцаў баланс склаўся на карысць звальненняў. Усяго было прынята на працу 754,1 тыс. чалавек, а звольнена — 768,6 тыс. чалавек. Звальненняў было на 14,5 тыс. больш.

У снежні колькасць працаўладкаванняў пры гэтым вырасла на 16,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года, а па выніках 12 месяцаў — на 16%.

Колькасць звальненняў у снежні вырасла на 19,1% у параўнанні з такім жа месяцам 2024 года, а па выніках 12 месяцаў — на 12,5%.

У снежні баланс на карысць звальненняў склаўся ў прамысловасці (-284), інфармацыі і сувязі (-12), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (-939) і адукацыі (-516), ахове здароўя (-339).

Баланс на карысць працаўладкаванняў у снежні склаўся ў гандлі (+878), будаўніцтве (+56), фінансавай і страхавой дзейнасці (+73), транспарце і лагістыцы (+153).

Па выніках 12 месяцаў звальненняў было больш, чым працаўладкаванняў, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (-6311), ахове здароўя (-595), апрацоўчай прамысловасці (-9773), транспарце і лагістыцы (-5753), дзяржаўным кіраванні (-95), адукацыі (-3772).

На карысць працаўладкаванняў баланс па выніках студзеня — снежня склаўся ў інфармацыі і сувязі (+1737), будаўніцтве (+4685), паслугах па часовым пражыванні і харчаванні (+1438), гандлі (+616).

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!