У Расіі ўвядуць адказнасць за адмаўленне генацыду народаў СССР

Дзярждума РФ у першым чытанні прыняла законапраект, якім уводзіцца крымінальная адказнасць за адмаўленне факта генацыду савецкага народа і абразу памяці ахвяр генацыду.

Крымінальны кодэкс дапаўняецца артыкуламі 243.4 і 354.1. Імі прадугледжана крымінальная адказнасць за знішчэнне, пашкоджанне або апаганьванне пахаванняў ахвяр генацыду савецкага народа, а таксама за адмаўленне гэтага факта і абразу памяці ахвяр такога злачынства. Максімальнае пакаранне складае 5 гадоў пазбаўлення волі.

У Беларусі падобныя змены ў КК уступілі ў сілу яшчэ ў студзені 2022 года. У КК з’явіўся арт. 13-2 «Адмаўленне генацыду беларускага народа». У адпаведнасці з ім караецца адмаўленне генацыду, якое змяшчаецца ў публічным выступленні, альбо ў друкаваным або публічна дэманструемым творы, альбо ў СМІ, альбо ў інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання або выдзеленай. За гэтыя дзеянні прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту, або абмежавання волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.

Першае затрыманне па дадзеным артыкуле было зроблена ў сакавіку 2024 года. У снежні мінулага года такое ж абвінавачанне было выстаўлена ў дачыненні да 18-гадовага жыхара Магілёва.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!