Фото: Straż Graniczna
У Польшчы працягваецца судовы працэс па справе падпаручніка 1-й Варшаўскай танкавай брыгады Л., які падчас аховы польска-беларускай мяжы параніў сірыйскага мігранта 2 лістапада 2023 года. Вайскоўца абвінавачваюць у неасцярожным абыходжанні са зброяй. Пацярпелы сірыец патрабуе 50 тысяч злотых (14 тысяч долараў) у якасці кампенсацыі, піша Onet.
Інцыдэнт адбыўся каля вёскі Топіла ў Белавежскай пушчы днём 2 лістапада 2023 года. Польскія памежнікі выявілі, што група прыкладна з 10 мігрантаў незаконна перайшла мяжу. Для дапамогі памежнікам на месца прыбылі пяць вайскоўцаў танкавай брыгады.
Вайскоўцаў паставілі на лясной дарозе ў двух кіламетрах ад мяжы. У нейкі момант Л. заўважыў групу людзей, якія ішлі ў яго бок. Ён загадаў ім спыніцца па-польску і па-англійску, але яны не адрэагавалі.
Л. зрабіў сігнальны стрэл у паветра з пісталета PM-98, а затым — папераджальны. Мігранты пачалі ўцякаць, салдаты пабеглі за імі. Падчас бегу Л. спатыкнуўся і ўпаў, яго пісталет міжвольна стрэліў. Куля трапіла ў аднаго з мігрантаў, 22-гадовага грамадзяніна Сірыі. Ён быў паранены ў пазваночнік.
Сірыйца на хуткай дапамозе даставілі ў бальніцу ў Гайнаўцы, а потым у Беластоку, дзе медыкі выдалілі кулю з цела. Ён быў выпісаны праз некалькі тыдняў. У 2024 годзе сірыец атрымаў міжнародную абарону і цяпер жыве ў адным з гарадоў на ўсходзе Польшчы.
Падчас расследавання сірыец заявіў, што салдат не рабіў папераджальных стрэлаў і адразу стрэліў у яго. Аднак экспертыза паказала, што з пісталета было зроблена тры стрэлы. Мігрант таксама сцвярджаў, што яму не аказвалі дапамогу. Аднак відэа з камер паказваюць, што Л. і яшчэ адзін салдат аказалі параненаму першую дапамогу і размаўлялі з ім да прыезду хуткай.
7 лістапада Ваенная жандармерыя ў Беластоку пачала праверку па справе аб неасцярожным абыходжанні са зброяй. Прадстаўнікі сірыйца падалі ў жандармерыю заяву аб учыненні злачынства.
27 мая 2025 года Л. былі прад’яўлены абвінавачанні паводле артыкула аб неасцярожным абыходжанні са зброяй. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Абарона Л. хадайнічала аб спыненні справы, называючы абвінавачанні неабгрунтаванымі. Прадстаўнік Л. заяўляў, што інструкцыі не ўказваюць, як абыходзіцца са зброяй падчас пагоні, а таксама ўказваў на канструктыўныя недахопы зброі, якія ствараюць рызыку некантраляваных стрэлаў. Абарона таксама адзначала, што пацярпелы пранік у Польшчу незаконна і не выконваў патрабаванні аб спыненні.
У верасні 2025 года па хадайніцтве пракуратуры суд разгледзеў магчымасць умоўнага спынення справы. Умоўнае спыненне азначае прызнанне таго, што злачынства было ўчынена, аднак асоба, якая яго ўчыніла, не падлягае пакаранню. Л. не пагадзіўся, настойваючы, што не ўчыняў злачынства і што справа павінна быць спынена цалкам. Суд не задаволіў хадайніцтва аб спыненні справы.
21 кастрычніка 2025 года ў Ваенным гарнізонным судзе ў Варшаве пачаўся судовы працэс. Ужо былі дапытаныя пацярпелы і некалькі сведкаў. Абарона сірыйца запатрабавала кампенсацыі ў памеры 50 тысяч злотых. Наступнае пасяджэнне прызначана на люты 2026 года.