Фото: Straż Granicznа
Польская Памежная ахова спыніла дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, якая займалася даведкамі аб статусе студэнта альбо навучэнца паліцэальнай школы (аналаг прафесійнай навучальнай установы). Яе кліентамі былі грамадзяне Беларусі, Украіны, Малдовы і Грузіі ва ўзросце да 26 гадоў. Такія дакументы даюць права на некаторыя льготы ў Польшчы, у тым ліку падатковыя, напрыклад, вызваляюць ад узносаў сацыяльнага страхавання. Акрамя таго, яны маглі выкарыстоўвацца для атрымання віду на жыхарства і дазволаў на працу.
Справа расследавалася з 2024 года. Сама група дзейнічала з чэрвеня 2022 года па канец 2025 года. Яна прапаноўвала даведкі ад пяці ўкраінскіх вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ад дзвюх польскіх паліцэальных школ. Пакет дакументаў каштаваў ад 230 да 800 злотых.
У канцы 2025 года былі праведзеныя ператрусы на тэрыторыі некалькіх населеных пунктаў, уключаючы Варшаву і Кракаў, затрыманыя тры грамадзяніны Украіны. Кіраўніком групы называюць 42-гадовага ўкраінца. У яго было канфіскавана 87 тыс. злотых. Пазней было ўстаноўлена, што мужчына атрымаў даход ад дзейнасці групы ў памеры не менш за 1,2 млн злотых.
У далейшым былі праведзеныя і іншыя затрыманні, у тым ліку шэсць чалавек былі затрыманыя на мінулым тыдні.
Усяго абвінавачанні па справе выстаўленыя 19 грамадзянам Украіны, тром грамадзянам Малдовы і аднаму грамадзяніну Грузіі. У гэты лік уваходзяць як члены групы, так і замежнікі, якія скарысталіся падробленымі дакументамі.
Памежнікі не выключаюць новых затрыманняў.