У Польшчы працягваюць затрымліваць мігрантаў, якія трапілі ў краіну праз тунэль на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў эфіры TVPinfo паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Веслаў Шчапаньскі. Паводле яго слоў, пакуль не затрыманыя ад 10 да 20 чалавек з прыкладна 180, якія скарысталіся тунэлем, выяўленым на мінулым тыдні.
“Мы затрымалі амаль усіх мігрантаў, большую іх частку. Думаю, нам засталося яшчэ затрымаць каля 10–20 чалавек”, — сказаў ён.
Першапачаткова паведамлялася, што былі затрыманыя каля 130 чалавек. Шчапаньскі дапусціў, што частка мігрантаў ужо магла дабрацца да Германіі, але ў такім выпадку яны будуць вернутыя Польшчы.
Ён таксама паўтарыў тэзісы сваіх калег, агучаныя ў папярэднія дні. Тунэлі ўзнікаюць як мінімум з дазволу беларускага боку.
“Я ведаю, што цяпер наша мяжа, гэтыя элементы, агароджа, сталі больш жорсткімі, і таму беларускі бок, ужо трэці, шукае іншыя спосабы перакідання мігрантаў на наш бок. Гэты тунэль не існаваў бы, калі б не поўная згода беларускіх спецслужбаў і ўрада Лукашэнкі на яго будаўніцтва”, — дадаў намеснік міністра.
Ён адзначыў, што не ведае, ці прымаюць беларускія памежнікі непасрэдны ўдзел у пракладцы тунэляў, але, мяркуючы па іх параметрах, яны не маглі з’явіцца без іх згоды.