Фото: x.com/PavelLatushka
Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык пацвердзіў, што ўлады краіны працуюць над зменамі ў закон аб замежніках, якія прадугледжваюць магчымасць выдачы польскага праязнога дакумента тэрмінам на два гады. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аб’яднанага пераходнага кабінета па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі польскага МУС.
У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы АПК і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч, дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк і кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.
Бакі абмеркавалі пытанні легалізацыі грамадзян Беларусі ў Польшчы ў кантэксце зменаў міграцыйнай палітыкі краіны. Прадстаўнікі беларускага боку таксама перадалі польскім уладам матэрыялы аб сітуацыі з правамі чалавека і палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, падрыхтаваныя шэрагам праваабарончых арганізацый і міжнародных структур.
Цытрынавіч пацвердзіў, што ваяводам накіраваныя рэкамендацыі разглядаць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты як дакументы, якія сведчаць асобу, пры разглядзе пытанняў легалізацыі «ў сілу выключных абставін».
Душчык праінфармаваў, што ў праекце паправак да закона аб замежніках прадугледжана, што польскі праязны дакумент будзе не толькі выдавацца на тэрмін да двух гадоў, але і атрымае замацаваны ў заканадаўстве статус дакумента, які сведчыць асобу замежнага грамадзяніна.
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся працягнуць абмен інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, каб яна ўлічвалася пры ацэнцы ўмоў у краіне і прыняцці рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны.
У НАУ таксама падкрэслілі гатоўнасць аказваць дапамогу былым палітвязням, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі пры атрыманні міжнароднай абароны ў Польшчы. Паводле даных арганізацыі, з 83 былых палітвязняў, вывезеных у снежні 2025 года праз Украіну ў Польшчу, міжнародную абарону атрымалі 82 грамадзяніны Беларусі.