Кшыштафу М. і Шымону П. выстаўлены абвінавачанні ў махлярстве ў дачыненні да Telewizja Polska (TVP), звязаным з аказаннем IT-паслуг тэлеканалу «Белсат». Паводле версіі Акруговай пракуратуры Варшавы, шкода склала некалькі мільёнаў злотых, піша Interia Wydarzenia.
Расследаванне вядзецца па двух эпізодах. Першы ахоплівае перыяд са жніўня 2018 года па студзень 2024 года і датычыцца шкоды TVP на суму больш за 7 млн злотых. Другое расследаванне датычыцца выстаўлення фіктыўных рахункаў-фактур на суму больш за 5,1 млн злотых. Дакументы выкарыстоўваліся для бухгалтарскіх разлікаў за IT-паслугі, якія, як сцвярджаецца, у рэчаіснасці не аказваліся.
Паводле версіі следства, Кшыштаф М. не аказваў IT-паслугі для «Белсата», за якія атрымліваў аплату. Акрамя таго, ён нібыта выставіў 385 фіктыўных рахункаў на агульную суму каля 4,5 млн злотых і выкарыстаў іх пры падачы падатковых дэкларацый.
Шымону П. пракуратура інкрымінуе ўвядзенне TVP у зман адносна кошту аказаных IT-паслуг. Паводле версіі следства, на падставе 295 рахункаў яму было выплачана каля 4,2 млн злотых.
Абодва падазраваныя не прызналі віну.
У дачыненні да Кшыштафа М. прымянілі заклад у памеры 170 тысяч злотых, паліцэйскі нагляд з абавязкам двойчы на тыдзень адзначацца ў паліцыі, а таксама забарону на выезд з Польшчы і канфіскацыю пашпарта.
Раней былая дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска паведамляла, што 1 верасня Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро Польшчы (CBA) затрымала двух IT-спецыялістаў, якія раней працавалі з «Белсатам».
Сярод затрыманых яна назвала Шымона Пуача і заявіла, што лічыць яго “сумленным спецыялістам”. Яна назвала агіднай сітуацыю, калі з сумленных людзей робяць злачынцаў.
У 2024 годзе CBA пачало расследаванне магчымых фінансавых парушэнняў, звязаных з дзейнасцю «Белсата». Тады пракуратура паведамляла пра праверку рахункаў прыкладна на 5 млн злотых за IT-паслугі, якія нібыта ў рэчаіснасці не аказваліся. Экс-кіраўніцтва тэлеканала адхіляе абвінавачанні.
У сакавіку 2024 года Рамашэўская была звольнена з пасады дырэктаркі «Белсата», які ўзначальвала 17 гадоў. Пасля рэструктурызацыі тэлеканал перастаў быць самастойным падраздзяленнем TVP, а беларуская, украінская і расійская рэдакцыі перайшлі пад кіраванне Цэнтра праграм для замежжа TVP.
