У ПАСЕ ўзнялі пытанне візавай падтрымкі беларусаў

Член дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, кіраўнік апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Мацкевіч узняў на пасяджэнні ПАСЕ пытанне мабільнасці беларусаў і візавых абмежаванняў, з якімі яны сутыкаюцца.

Мацкевіч нагадаў, што з 2020 года грамадзянам Беларусі было выдадзена больш за 950 000 першых відаў на жыхарства ў краінах Еўрапейскага саюза, і гэта без уліку людзей з гуманітарнымі візамі і бежанцаў, чые справы яшчэ знаходзяцца на разглядзе.

«Гэта не звычайная міграцыя. Гэта не людзі, якія шукаюць лепшага жыцця. Гэта найбуйнейшае вымушанае перамяшчэнне беларусаў у сучаснай гісторыі», — заявіў палітык, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра людзей, якія пратэставалі супраць рэжыму, страцілі працу, былі змешчаны пад варту або падвергліся пераследу.

Паводле яго слоў, візавае пытанне — гэта не пытанне камфорту, а магчымасць бачыць блізкіх і захоўваць сувязь з грамадствам. Мацкевіч назваў сітуацыю, што склалася, “небяспечным парадоксам”, паколькі людзі, якія падтрымліваюць дэмакратыю і выступаюць супраць расійскай агрэсіі, маюць менш доступу да Еўропы.

Як паведамляе прэс-служба АПК, у сувязі з гэтым ён прапанаваў шэраг мер:

  • паскораны разгляд візавых заяў для сваякоў беларусаў, якія ўжо атрымалі абарону або від на жыхарства ў ЕС;
  • увядзенне механізму афіцыйнага запрашэння, каб беларусы ў ЕС маглі запрашаць сваіх родных;
  • спрошчаны доступ да віз для беларусаў у трэціх краінах, у тым ліку ў Грузіі і Арменіі нават без мясцовага віду на жыхарства;
  • пашырэнне гуманітарных і сямейных віз з акцэнтам на ўз’яднанне сем’яў і падтрымку ўразлівых груп.

«Сёння перад намі стаіць выбар: ці застанецца беларускае грамадства часткай Еўропы або будзе выцеснена ў арбіту Расіі? Адказ відавочны: гнуткая і эфектыўная візавая палітыка», — заявіў Мацкевіч.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!