Скриншот видео
Міністэрства абароны Малдовы паведамляе пра неапазнаны аб’ект, які перасёк паветраную прастору краіны на фоне масіраванай расійскай атакі на Украіну.
Паводле даных Службы паветраных аперацый Нацыянальнай арміі, аб’ект перасёк мяжу Малдовы ў 20:45 з боку ўкраінскага населенага пункта Шэршэнцы ў напрамку Слабадзеі-Рашкаў. Затым ён накіраваўся ў бок сяла Цыпава ў Рэзінскім раёне Малдовы.
Аб’ект знік з сістэм маніторынгу ў раёне Брэнешць Аргееўскага раёна. На час яго пралёту паветраная прастора цэнтральнай часткі Малдовы была закрытая. У 21:07 паветраную прастору ў цэнтральнай зоне зноў адкрылі.
Маніторынг паветранай прасторы краіны працягваецца.
Паліцыя Малдовы паведаміла пра выбух беспілотніка ў Аргееўскім раёне. Звестак пра пацярпелых не паступала. Пасля выбуху аб’екта паблізу трасы паміж населенымі пунктамі Іванча і Брэнешць на месца прыбылі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія ачапілі тэрыторыю. Рух па трасе часова перакрылі ў абодвух напрамках, аўтамабілі спынілі за межамі небяспечнай зоны.
На месца накіраваныя спецыялісты тэхнічна-выбухатэхнічнага аддзела паліцыі для агляду аб’екта і высвятлення абставін здарэння.
Паліцыя заклікала вадзіцеляў аб’язджаць гэты ўчастак дарогі і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты. Жыхароў таксама папрасілі не набліжацца да невядомых прадметаў або іх фрагментаў і паведамляць пра іх па нумары 112.
За сённяшні дзень гэта ўжо трэці беспілотнік, які заляцеў на тэрыторыю Малдовы. Першы заўважылі каля 5:40, пасля чаго ён упаў у раёне Аненій-Ной. Пазней Міністэрства абароны Малдовы паведаміла яшчэ пра адзін рэактыўны дрон, які пранік у паветраную прастору краіны з усходу, праз тэрыторыю непрызнанага Прыднястроўя.