У Львове ў выніку сённяшняга абстрэлу быў пашкоджаны ансамбль Бернардзінскага манастыра

Днём 24 сакавіка ў выніку атакі ўдарных беспілотнікаў быў пашкоджаны архітэктурны помнік нацыянальнага значэння – ансамбль Бернардзінскага манастыра. Ён размешчаны ў цэнтры Львова, які знаходзіцца пад узмоцненай аховай ЮНЕСКА.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі, піша suspilne.media.

Паводле яго, пажар ахапіў цагляныя будынкі комплексу. Выбух пашкодзіў званіцу царквы Святога Андрэя, якая знаходзіцца на тэрыторыі комплексу.

Пашкоджанні будынка Бернардзінскага манастыра. Абраз Маці Божай. Фота: Суспільне Львів.

Нягледзячы на пабітыя вокны, на тэрыторыі ансамбля Бернардзінскага манастыра захаваўся вобраз Маці Божай. Пакуль ратавальнікі тушылі пажар, людзі маліліся ў царкве Святога Андрэя.

Таксама хваля выбуху пашкодзіла каля дзесяці вокнаў у Львоўскай арганнай зале. Будынак з’яўляецца архітэктурным помнікам, яго вокны – гістарычныя.

Пашкоджаныя вокны ў арганнай зале ў выніку выбуху. Фота: Суспільне Львів/Дейнека Ольга

Нягледзячы на пашкоджанні, канцэрт Шапэна, запланаваны на вечар, не быў адменены. «Я думаю, у гэтыя стрэсавыя хвіліны вельмі важна мастацтвам падтрымліваць людзей», – сказаў Суспільнай культуры судырэктар залы Тарас Дзямко.

Нагадаем, што 24 сакавіка Расія атакавала Львоў беспілотнікамі. Пашкоджаныя некалькі жылых дамоў у цэнтры горада. Паводле папярэдніх звестак, пацярпела 13 чалавек.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!