Грамадзянін Беларусі мог замовіць правакацыю каля офіса літоўскай кампаніі RSI Europe, якая вырабляе беспілотнікі для Украіны. Пра гэта паведамляе тэлеканал LNK са спасылкай на свае крыніцы.
Каля будынка кампаніі ў Вільнюсе пакінулі некалькі пахавальных вянкоў і фатаграфію яе кіраўніка Томаса Мілашаўскаса, перавязаную чорнай стужкай. Паліцыя затрымала падазраванага выканаўцу — паводле даных LNK, ім аказаўся грамадзянін Украіны. Як сцвярджаюць крыніцы тэлеканала, прынесці вянкі яго наняў беларус.
Паліцыя пачала дасудовае расследаванне. Інфармацыя пра асобу меркаванага заказчыка і абставіны вярбоўкі пакуль не прыводзіцца.
Мілашаўскас назваў тое, што адбылося, спробай запалохвання і правакацыяй, характэрнай для расійскіх спецслужбаў. Паводле яго слоў, кампанія і раней сутыкалася са спробамі перашкодзіць яе працы, у тым ліку з кібератакамі.
Амаль адначасова аналагічныя вянкі і фатаграфія аднаго з кіраўнікоў з’явіліся каля офіса абароннай групы CSG у Чэхіі. RSI Europe пастаўляе Украіне FPV-дроны і сістэмы дыстанцыйнага падрыву, а CSG вырабляе боепрыпасы і ваенную тэхніку. Праваахоўныя органы правяраюць магчымую сувязь паміж двума эпізодамі.
Фатаграфіі вянкоў неўзабаве пачалі распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках і Telegram-каналах разам з расійскімі прапагандысцкімі сцвярджэннямі пра вайну і абвінавачаннямі еўрапейскіх абаронных кампаній у атрыманні прыбытку ад яе.
Улады Літвы лічаць тое, што здарылася, часткай расійскіх гібрыдных аперацый супраць еўрапейскіх прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Украіне. Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас заявіў, што затрымаць падазраванага ўдалося дзякуючы ўзмоцненаму назіранню і мерам бяспекі, уведзеным пасля кансультацый з абароннымі кампаніямі.
