У Латвіі распрацавалі папраўкі аб забароне рэгулярных аўтобусных рэйсаў у Расію і Беларусь

Міністэрства паведамлення Латвіі распрацавала папраўкі, якія прадугледжваюць поўную забарону рэгулярных аўтобусных пасажырскіх перавозак у Расію і Беларусь, а таксама транзітных перавозак праз тэрыторыю краіны. Для ўступлення ў сілу папраўкі павінен зацвердзіць Кабінет міністраў, піша Delfi.

Цяпер забарона ўжо дзейнічае для нерэгулярных міжнародных перавозак праз латвійска-беларускую і латвійска-расійскую межы. Новыя правілы распаўсюдзяць яе на рэгулярныя рэйсы. Пасля зацвярджэння Аўтатранспартная дырэкцыя (ATD) будзе выдаваць індывідуальныя адміністрацыйныя акты аб ануляванні дазволаў для канкрэтных перавозчыкаў.

“У сувязі з высновамі Службы дзяржаўнай бяспекі, выкладзенымі ў справаздачы аб дзейнасці службы за 2025 год, ёсць падставы прызнаць, што існаванне транспартнага злучэння з Беларуссю і Расіяй аб’ектыўна спрыяе рэалізацыі выяўленай пагрозы нацыянальнай бяспецы. Наяўнасць рэгулярных рэйсаў у Беларусь і Расію разам з іншымі магчымасцямі паездак павышае для грамадзян Латвіі рызыку сутыкнуцца з сітуацыямі ўплыву і вярбоўкі”, — заявілі ў міністэрстве.

Перавозчык Norma-A, які працуе пад брэндам Ecolines, ацэньвае прамыя страты ад забароны маршрутаў Рыга — Санкт-Пецярбург і Рыга — Масква прыкладна ў 4 мільёны еўра за год, яшчэ каля 2 мільёнаў складуць страты ад прастою аўтапарка.

Міністэрства прызнае, што перавозчыкі змогуць прэтэндаваць на кампенсацыю страт у рамках Закона аб адміністрацыйным працэсе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!