У Іспаніі знайшлі беларуса Генадзя Смаляка, які знік амаль месяц таму

У Каталоніі знайшлі беларускага актывіста і журналіста Генадзя Смаляка, які знік амаль месяц таму. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на яго былую жонку, сяброўку і калегу Марту.

Зараз мужчына шпіталізаваны. Падрабязнасці пра тое, дзе ён знаходзіўся і што адбылося за час яго знікнення, не раскрываюцца.

Пра знікненне Генадзя Смаляка стала вядома ў чэрвені. Пазней паведамлялася, што 6 ліпеня яго бачылі ў наваколлі Барселоны. У той дзень яго бачылі каля ранейшага месца жыхарства. Ён хадзіў па вуліцах, але знаходзіўся ў цяжкім псіхічным стане, не ўсведамляючы, што адбываецца.

Паводле слоў Марты, асноўнай версіяй знікнення было тое, што мужчына перастаў прымаць неабходныя лекі, праз што апынуўся ў цяжкім псіхічным стане, страціў арыентацыю і мог заблукаць.

Паводле слоў блізкіх, у апошнія тыдні перад знікненнем Смаляк амаль не выходзіў з дому, ні з кім не кантактаваў і знаходзіўся ў прыгнечаным эмацыйным стане. Падобны эпізод, як сцвярджалася, ужо адбываўся з ім вясной гэтага года.

Родныя і знаёмыя сутыкнуліся з цяжкасцямі пры падачы заявы пра яго знікненне ў іспанскую паліцыю, паколькі такія заявы звычайна прымаюцца ад найбліжэйшых сваякоў, якіх у Смаляка ў Іспаніі няма. Магчымасць звароту праз беларускія праваахоўныя органы блізкія не разглядалі, паколькі мужчыну пагражае палітычны пераслед у Беларусі.

36-гадовы Генадзь Смаляк у Беларусі дапамагаў бяздомным аднаўляць дакументы, удзельнічаў у праекце «Ежа замест бомбаў», працаваў санітарам у псіханеўралагічным інтэрнаце і займаўся валанцёрскімі ініцыятывамі. Пасля ад’езду з Беларусі жыў ва Украіне, Польшчы, Германіі і Іспаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданняў, у тым ліку займаўся медыяпраектам Not today, not yesterday, not tomorrow.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!