У Іспаніі затрыманая група беларусаў-аўтавыкрадальнікаў

Грамадзянская гвардыя і Нацыянальная паліцыя Іспаніі затрымалі групу з чатырох грамадзян Беларусі, якія займаліся крадзяжом аўтамабіляў у правінцыях Алікантэ і Валенсія. Пра гэта паведамляюць мясцовыя СМІ са спасылкай на праваахоўныя органы.

Следства пачалося ў кастрычніку мінулага года, калі паліцыя выявіла ў адным з населеных пунктаў аўтамабіль з падробленымі нумарнымі знакамі. Таксама быў зафіксаваны рост колькасці ўгонаў у Алікантэ.

Цягам следства праваахоўнікі выйшлі на групу з чатырох чалавек беларускага паходжання, якія пражывалі ў Бенідорме і Ллірыі. Падазраваныя выкарыстоўвалі сучасныя тэхнічныя сродкі для крадзяжу аўтамабіляў.

Спачатку згоншчыкі ўсталёўвалі GPS-трэкеры на машыны, якія збіраліся ў будучыні ўгнаць. Яны адсочвалі іх перамяшчэнне. Каб нейтралізаваць сігналізацыю, выкарыстоўваліся глушыцелі для пэўных частот. Для ўзлому аўтамабіляў згоншчыкі ўжывалі розныя электронныя метады. Пасля крадзяжу машыну адганялі ў зацішнае месца, дзе яна заставалася прыпаркаванай на працягу некалькіх тыдняў, каб “астыць”.

У далейшым група займалася “легалізацыяй” машын: змяняліся ідэнтыфікацыйныя нумары транспартных сродкаў (VIN), падрабляліся ідэнтыфікацыйныя налепкі. Пасля на машыну рабілі дакументы, выдадзеныя ў іншых краінах. На заключным этапе наймаліся вадзіцелі, якія пераганялі ўгнаныя машыны ў Францыю, там яны прадаваліся ўжо як легальныя.

Вобшукі па месцы жыхарства затрыманых прайшлі ў пачатку лютага ў кватэры ў Бенідорме і на віле ў Ллірыі, а таксама на арандаваным складзе.

У выніку рэйдаў і вобшукаў былі канфіскаваны станок для выбівання ідэнтыфікацыйных нумароў транспартных сродкаў (VIN), электронныя прылады для ўзлому аўтамабіляў, падробленыя нумарныя знакі, падробленыя дакументы на транспартныя сродкі, прылада для кланавання/кадавання ключоў, прылады GPS-сачэння, глушыцелі частот, шматлікія лёзы для ключоў, фарба для змянення VIN-нумароў. Таксама выяўлены раней угнаныя восем аўтамабіляў.

Затрыманым ад 40 да 50 гадоў. Яны раней былі судзімыя. Ім прад’яўлены абвінавачанні ў крадзяжы аўтамабіляў, падробцы дакументаў і ўдзеле ў злачыннай групоўцы. Рашэннем суда падазраваныя змешчаны пад варту.

Фота: Паліцыя Іспаніі
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!