У Беларусі за 2025 год канфіскавалі тры тоны наркотыкаў. Пра гэта заявіў сёння ў Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Ён прадставіў законапраект аб ратыфікацыі пагаднення аб Антынаркатычным цэнтры ШАС.
“На сённяшні дзень асноўная праблема — гэта транзіт наркотыкаў праз нашу краіну. За 2025 год усімі праваахоўнікамі канфіскавана 3 тоны наркотыкаў, 2,5 з іх ішлі транзітам праз Рэспубліку Беларусь”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, наркотыкі былі канфіскаваныя на мяжы і на тэрыторыі Беларусі, але ўсе 2,5 тоны ішлі праз краіну транзітам. Кубракоў лічыць, што Антынаркатычны цэнтр ШАС дазволіць беларускім сілавікам працаваць на апярэджанне.
Антынаркатычны цэнтр ШАС валодае наступнымі паўнамоцтвамі:
- выяўленне і спыненне дзейнасці транснацыянальных арганізаваных злачынных груп, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і іх прэкурсораў;
- ажыццяўленне па запыце кампетэнтных органаў бакоў міжнароднага вышуку асоб, датычных да ўчынення злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і іх прэкурсораў;
- арганізацыя, правядзенне і каардынацыя ажыццяўлення кампетэнтнымі органамі бакоў узгодненых міжнародных антынаркатычных аперацый і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў;
- фарміраванне, забеспячэнне функцыянавання і вядзенне банка даных АНЦ ШАС па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі;
- збор, захоўванне, абарона, аналіз і абмен інфармацыяй, звязанай з незаконным абаротам наркотыкаў і іх прэкурсораў, а таксама прадастаўленне кампетэнтным органам бакоў гэтай інфармацыі па іх запытах.
🔥
Падтрымайце Reform.news данатам!