Скриншот видео news.by
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд чатыром удзельніцам секты «Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя», прызнанай “экстрэмісцкім фарміраваннем” у Беларусі. Кіраўнікі арганізацыі і адна з удзельніц атрымалі па 5,3 і 5 гадоў пазбаўлення волі.
Ганна Струкова, Галіна Фралова і Вольга Байкоўская асуджаныя да 5 гадоў 3 месяцаў пазбаўлення волі кожная, Вошчанка А.П., названая актыўнай удзельніцай “фарміравання”, — да 5 гадоў. Струковай і Байкоўскай дадаткова прызначаны штраф па 21 тысячы рублёў.
Паводле даных Генпракуратуры, яны таксама здзейснілі “наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні”.
Паводле інфармацыі следства, асуджаныя праз Telegram-канал «Две маслины» і асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках распаўсюджвалі ідэю стварэння на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны незалежнай дзяржавы «Трыадзіная Русь» з манархічнай формай кіравання. Яны заклікалі прыняць прысягу на вернасць цару, знішчаць дакументы, адмаўляцца ад адукацыі, медыцыны, працы і сацдапамог.
На будынках рэлігійных арганізацый і ў грамадскіх месцах расклейвалі ўлёткі, “для дыскрэдытацыі Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, распальвання варожасці і розні ў дачыненні да яўрэяў (іудзеяў), прадстаўнікоў іншых рэлігій, у тым ліку кананічнага праваслаўя, а таксама іудаізму”. Фралова і Струкова арганізавалі абшчыны з жорстка кантраляванымі правіламі ў вёсках Віцебскай і Гродзенскай абласцей.
“У адпаведнасці з меркаваннем пракурора апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда прысуд суда першай інстанцыі пакінуты без змен і ўступіў у законную сілу”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.