У Беларусі могуць з’явіцца доўгія дэпазіты з падатковым вылікам

У Беларусі могуць з’явіцца дэпазіты са штомесячным папаўненнем. Пра гэта “Банкаўскаму весніку” распавёў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, мера накіравана на павелічэнне долі банкаўскіх укладаў са тэрмінам больш за 3 гады.

“У цяперашні час Нацыянальны банк падрыхтаваў прапановы па ўкараненні новага інструмента зберажэнняў – назапашвальных укладаў у беларускіх рублях на тэрмін больш за тры гады з магчымасцю штомесячнага папаўнення. Такія дэпазіты могуць стаць адной з крыніц фарміравання «доўгіх грошай» для эканомікі і будуць стымуляваць грамадзян да назапашвання сродкаў на жыллё, адукацыю дзяцей і іншыя значныя мэты. У якасці матывацыі прапануецца прадастаўляць па такіх укладах падатковы вылік, па аналогіі з добраахвотным страхаваннем жыцця або пенсіі”, – сказаў ён.

Галоўчанка падкрэсліў, што фарміраванне доўгатэрміновай рэсурснай базы для банкаў з’яўляецца прыярытэтам Нацбанка Беларусі. Пакуль жа большасць укладаў грамадзян размяшчаецца на тэрмін ад года да двух гадоў. У мінулым годзе перад банкамі была пастаўлена задача павялічыць долю безадзыўных укладаў на тэрмін больш за 3 гады.

“Перад банкамі пастаўлена канкрэтная задача: павялічыць долю безадзыўных укладаў на тэрмін больш за тры гады ў астатках доўгатэрміновых дэпазітаў насельніцтва да канца бягучага года да 2,5%. У абсалютным выражэнні гэта каля 380 млн рублёў (для параўнання: на 1 студзеня бягучага года паказчык складаў 1,7%, або 180 млн рублёў). Банкі актыўна працуюць у дадзеным напрамку: сёння прапановы па безадзыўных укладах на тэрмін больш за тры гады ёсць ва ўсіх банкаў, хаця яшчэ ў сярэдзіне мінулага года іх прыцягвалі толькі шэсць”, – сказаў Галоўчанка.

Па такіх укладах устанаўліваюцца больш высокія працэнтныя стаўкі. Яны на 1-2 п.п. вышэйшыя, чым на тэрмін ад года да двух. Акрамя таго, Нацбанк устанавіў павышаную разліковую велічыню стандартнай рызыкі па ўкладах на тэрмін больш за 3 гады.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!