Фото: t.me/customs_bel
У пункце пропуску «Брэст» мытнікі затрымалі 31-гадовага пасажыра рэйсавага аўтобуса за спробу ўвозу ў Беларусь какаіну, паведамляе прэс-служба ДМК.
Рухаючыся па зялёным калідоры, мужчына заявіў аб адсутнасці тавараў, якія падлягаюць дэклараванню або забаронены да перамяшчэння праз мяжу. Аднак службовы сабака ўказаў на наяўнасць у яго забароненых рэчываў. Пры аглядзе валізкі ў флаконе з-пад лекаў выявілі скрутак з парашкападобным рэчывам белага колеру. Упакоўка ўяўляла сабой абгортку з выявай амерыканскага акцёра і рэжысёра Аль Пачына ў ролі наркабарона з фільма «Твар са шнарам».
Паводле заключэння эксперта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, канфіскаванае рэчыва змяшчае 0,69 грама какаіну. Брэсцкая мытня ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула аб незаконным перамяшчэнні наркатычных сродкаў праз мяжу. Санкцыя прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.