Скриншот видео
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын разлічвае, што стварэнне дублюючых вытворчасцяў у Расіі будзе выключана з падпісаннем новых дакументаў, у тым ліку аб таварах Саюзнай дзяржавы.
“Вельмі спадзяёмся, што дакументы, якія прымаюцца, дазволяць выйсці на новы аперацыйны ўзровень у рамках саюза, выбудаваць канструктыўную работу на агульным рынку, выключыць стварэнне дублюючых і залішніх вытворчасцяў.
Паміж суб’ектамі Беларусі і Расіі існуюць высокаразвітыя кааперацыйныя сувязі. Возьмем, да прыкладу, наш БелАЗ, які з’яўляецца вядучым сусветным вытворцам кар’ернай тэхнікі. І гэта паўнавартасны тавар Саюзнай дзяржавы нумар адзін сусветнага ўзроўню. Амаль 50% камплектуючых выраблена ў Расійскай Федэрацыі”, — сказаў ён.
Разам з тым Турчын наракаў, што дакументы, якія прымаюцца дзвюма краінамі, не заўсёды маюць высокі ККД пры іх рэалізацыі.
Ён заклікаў максімальна паскорыць рэалізацыю задач па лічбавай трансфармацыі.
“У сувязі з гэтым прынцыпова важна максімальна паскорыць і завяршыць рэалізацыю мерапрыемстваў па прызнанні электроннага лічбавага подпісу ў электронным дакуменце пры трансгранічным інфармацыйным узаемадзеянні”, — дадаў ён.
Ён таксама выказаўся за развіццё ўзаемадзеяння на ўзроўні малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
“У Рэспубліцы Беларусь працягваецца работа па стварэнні інфармацыйнай сістэмы «Лічбавая платформа для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». У ходзе стварэння ў яе будуць паступова інтэгравацца лічбавыя сэрвісы і базы даных лічбавай платформы МСП РФ. Буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі размясцілі на расійскай платформе заказы на больш як 100 відаў камплектуючых і матэрыялаў. Каля 30 расійскіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў адгукнуліся на гэты попыт”, — сказаў ён.
Ён прапанаваў стымуляваць узаемныя інвестыцыі ў турыстычную інфраструктуру.