Дональд Трамп. Скриншот видео
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў успомніў пра беларускіх палітвязняў і назваў Аляксандра Лукашэнку фантастычным лідарам.
Падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме 11 мая журналісты спыталі ў Трампа, ці змогуць ЗША дамагчыся вызвалення ганконгскага актывіста Джымі Лая, прыгаворанага КНР да 20 гадоў турмы. Адказваючы на гэтае пытанне, Трамп успомніў Джона Коўла, свайго спецпасланніка па Беларусі, і заявіў, што той дамогся вызвалення сотняў людзей у Беларусі.
«Ён выцягнуў (з турмы) сотні людзей у Беларусі. Іх лідар фантастычны. Але нехта павінен быў яго папрасіць. Байдэн ніколі яго не прасіў, а мы папрасілі. Мы выцягнулі сотні людзей са зняволення, з турмаў, якія не павінны былі там знаходзіцца. Сотні. І многія з іх нават не грамадзяне ЗША», — заявіў Трамп.
Учора ў сацсетцы Truth Social Трамп пракаментаваў вызваленне Анджэя Пачобута і абмен на беларуска-польскай мяжы па формуле 5 на 5. Ён падзякаваў Лукашэнку за «супрацоўніцтва і сяброўства».