Official White House Photo by Molly Riley
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў сваім дарадцам, што ён хоча завяршыць вайну з Іранам у бліжэйшыя тыдні. Пра гэта піша The Wall Street Journal. Паводле інфармацыі выдання, Трамп лічыць, што канфлікт знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Ён заклікаў дарадцаў прытрымлівацца абвешчанага ім публічна чатырох-шасцітыднёвага графіка.
Раней з-за вайны Трамп адклаў візіт у Пекін. Сёння ён заявіў, што вызначаны новыя даты візіту. Ён адбудзецца 14-15 мая. Гэта дата карэлюе з тэрмінамі, названымі ў публікацыі.
На пачатку тыдня Трамп заявіў, што адкладае ўдары па іранскай энергетыцы, бо дасягнуты прагрэс у перамовах з Тэгеранам. У Іране адмаўлялі сам факт перамоваў.
У сераду Дональд Трамп сказаў, што іранскія лідары вядуць перамовы, але баяцца прызнаць гэта.
“Ніхто ніколі не бачыў нічога падобнага да таго, што мы робім на Блізкім Усходзе з Іранам, і, дарэчы, яны вядуць перамовы і вельмі хочуць заключыць здзелку, але баяцца пра гэта казаць, бо асцерагаюцца, што іх заб’юць уласныя людзі. Яны таксама баяцца, што іх заб’ем мы”, – заявіў ён.
Пры гэтым міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы пацвердзіў, што Тэгеран разглядае прапановы Вашынгтона, але не назваў гэта перамовамі.
«Перадача паведамленняў праз дружалюбныя нам краіны і наш адказ у выглядзе выкладання сваёй пазіцыі або вынясення неабходных папярэджанняў не называецца перамовамі або дыялогам. Гэта проста абмен паведамленнямі паміж нашымі сябрамі», – сказаў ён.