Сусветныя хіты пад купалам касцёла: чаму поп-шоу «Euphoria» стварыла аншлаг у Берасці і чаму гэта праблема

Галоўнае
Фота: сацсеткі праекта "Эйфарыя".

У галоўным каталіцкім храме Берасця — Крэстаўздзвіжанскім касцёле — у жніўні назіраўся ажыятаж: ля ўваходу выстройваліся даўжэзныя чэргі. Людзі стаялі не для таго, каб трапіць на імшу, а за квіткамі на шоу «Euphoria Night». Квіткі па 55–65 рублёў (а на асобныя месцы — і да 70) на вечаровыя канцэрты праекта былі цалкам распрададзеныя, а сама праграма працягвалася да позняга вечара. Самі арганізатары прасоўваюць гэта як «інтэлектуальны канцэрт у дзеючым касцёле».

Аднак за аншлагамі хаваецца праблема: выкарыстанне сакральнай прасторы пад камерцыйнае поп-шоу не толькі супярэчыць канонам Ватыкану, але і агаляе культурны вакуум, у якім апынулася краіна.

Сусветныя хіты пад купалам касцёла: чаму поп-шоу «Euphoria» стварыла аншлаг у Берасці і чаму гэта праблема
Канцэрт у Крэстаўздзвіжанскім касцёле. Фота: сацсеткі праекта “Ейфарыя”.

Што такое «Euphoria» і якія фарматы яна мае?

Шоу «Euphoria» — гэта музычна-святловы праект, які мае некалькі маштабаў. Стваральнік і ідэйны натхняльнік шоу, музыка-клавішнік і аранжыроўшчык Каран Мельян, першапачаткова працаваў над ім для вялікай сцэны:

«У нас была мечта когда-нибудь сыграть с симфоническим оркестром. Это другой уровень звучания. С идеей пришли в театр [“Фантазія” – рэд.] и нашли здесь поддержку. В течение полугода я писал аранжировки мировых хитов… Подобные проекты есть во многих странах, самой идее лет 50–70. Но нам хотелось привнести что-то свое», — прызнаваўся Мельян у інтэрв’ю «Вечернему Бресту».

Праект існуе ў двух асноўных фарматах: першы — як вялікае шоу з сімфанічным аркестрам, рок-гуртам і харэаграфіяй для палацаў спорту, тэатраў і філармоній. Але таксама нядаўна паўстаў камерны франчайз «Euphoria Night» — спецыяльна адаптаванае шоу пад акустыку і «атмасфернасць» касцёлаў. Самі арганізатары пазіцыянуюць гэта як «інтэлектуальны канцэрт у дзеючым касцёле».

«Высокія скляпенні касцёла ствараюць прыроднае рэха. Сінергія гурта і струннага квартэта загучыць манументальна, аб’ёмна і трапіць у самае сэрца. Магутны жывы гук гурта дапоўнены вытанчаным гучаннем скрыпічнага квартэта», — адзначаецца ў анатацыі.

У апошнім варыянце пад скляпеннямі храма лунаюць папулярныя хіты, а таксама саўндтрэкі да кінафільмаў. На сцэне ў касцёле выступае поўны склад гурта «Euphoria» у спалучэнні са струнным квартэтам: клавішы, гітара, акустычная перкусія і вакал. Таксама ўнутры памяшкання мантуецца святловая апаратура: выканаўцы і алтарная частка падсвечваюцца пражэктарамі для фарміравання эфектнага шоу.

Хто за гэтым стаіць: роля тэатра танца «Фантазія» і праўладны дах

Калі Каран Мельян прыдумаў канцэпцыю, ён прыйшоў з ёй у берасцейскі прыватны тэатр танца «Фантазія» — і знайшоў там поўную падтрымку. Менавіта УК «Тэатр танца «Фантазія» з’яўляецца афіцыйным арганізатарам і прадусарскім цэнтрам шоу «Euphoria».

Гэта калектыў з шматгадовай гісторыяй, які пачынаў свой шлях яшчэ ў 1990-я гады пры гарадскім ДК, а з часам разросся ў камерцыйную шоу-структуру. «Фантазія» мае даўнюю гісторыю шчыльнага супрацоўніцтва з праўладнымі структурамі: калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам афіцыйных дзяржаўных імпрэзаў, канцэртаў да «Дня Незалежнасці» і праектаў пад эгідай БРСМ.

Менавіта гэты бэкграўнд і ідэалагічная лаяльнасць гарантуюць «Фантазіі» «зялёнае святло» ад мясцовых выканкамаў на атрыманне гастрольных пасведчанняў. Маштабуючы бізнес Мельяна, яны дапамаглі «Euphoria Night» ажыццявіцца ў сценах касцёла.

Захапленне ў Instagram і абурэнне вернікаў

У сацыяльных сетках самога EUPHORIA MUSIC PROJECT рэкцыя на вечаровае шоу — суцэльнае захапленне. У каментарах пад відэа глядачы дзякуюць за «магічную атмасферу», хваляць вакалістаў і пытаюцца, калі каманда прыедзе з гастролямі ў іншыя гарады.

Аднак на партале Katolik.life, які звярнуў увагу на гэтую сітуацыю пад рэзкай рэдакцыйнай ацэнкай «Што адбываецца ў Брэсце? Там – чэргі ў касцёл, але не на Імшу», выказваецца зусім іншая пазіцыя. Выданне падкрэслівае абуральны факт: людзі стаяць у чэргах да храма не па малітву ці сакрамэнты, а на светскае забаўляльнае шоу. Вернікі ў суполках акцэнтуюць увагу на тым, што поп-канцэрты з прадажам квіткоў па 65 рублёў праводзяцца ў дзеючым храме, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт (Табэрнакулюм). Для хрысціянскай супольнасці гэта выглядае як ператварэнне прасторы малітвы ў камерцыйны клуб і «глядальную залу».

Што кажа Ватыкан: ці гэта парушэнне мяжы?

Калі прыбраць эмоцыі і паглядзець на касцёльнае права, то мяжа сакральнасці тут сапраўды пераступленая:

Згодна з дырэктывай Ватыкану 1987 года (De concertis in ecclesiis), Святы Пасад катэгарычна забараняе выконваць у храмах эстрадную, поп- і рок-музыку. Дазволеная толькі сакральная, духоўная або сур’ёзная класічная музыка, якая спрыяе набожнасці.

А таксама — ёсць забарона на камерцыю: кодэкс кананічнага права (Канон 1210) сурова забараняе выкарыстоўваць храм для атрымання прыбытку. Нават духоўныя канцэрты мусяць праводзіцца з вольным уваходам або за добраахвотныя ахвяраванні. Фіксаваная цана ў 55–65 рублёў наўпрост парушае сакральны статус месца.

Сусветныя хіты пад купалам касцёла: чаму поп-шоу «Euphoria» стварыла аншлаг у Берасці і чаму гэта праблема
Афіша “Эйфарыі” ў Крэстаўздзвіжанскім касцёле. Фота: afisha.relax.by.

Не абышлося без палітыкі: ціск на Каталіцкі Касцёл

Відавочна, каб зладзіць такога маштабу імпрэзу, арганізатарам патрэбны дазвол мясцовага пробашча і курыі. Аднак у цяперашніх рэаліях гэта выглядае не як раўнапраўны дыялог з рэлігійнай супольнасцю.

Пасля падзей 2020 года каталіцкі асяродак у краіне знаходзіцца пад пастаянным кантролем з боку рэжыму. У такіх умовах, калі праўладная шоу-структура («Фантазія») прыходзіць у касцёл з гастрольным дазволам ад выканкама і пад апекай БРСМ, у святароў практычна не застаецца прасторы для манеўру.

Адмовіць калектыву, які падтрымліваецца ўладамі, — у пэўным сэнсе, азначае падставіць парафію пад праверкі ці абвінавачанне ў «дэструктыўнай дзейнасці».

Сімптом культурнага вакууму

Але аншлагі на «Euphoria» дэманструюць і яшчэ адну тэндэнцыю — культурны «голад».

Вялізныя чэргі кажуць пра прагу людзей паслухаць якасную поп-музыку ў прафейсійным выкананні. Краіна апынулася ў культурнай ізаляцыі: замежныя артысты не прыязджаюць, незалежныя гурты забароненыя, а афіцыйная сцэна запоўнена праўладнай расійскай эстрадай ды ідэалагічна правільнымі выканаўцамі. І калі моладзь з прыгожымі галасамі прапануе паслухаць сусветныя хіты, людзі гатовыя плаціць грошы і заплюшчваць вочы на тое, што дзеля гэтага шоу камерцызаваная імпрэза ладзіцца ў дзеючым храме.

Аднак падобна на тое, што пасля аншлагаў у Брэсце каманда «Euphoria Night» захоча паўтарыць свой поспех і ў іншым месцы. Цікава, якой была б рэакцыя праўладных структур, калі б прагрэсіўны калектыў захацеў выступіць з «інтэлектуальным канцэртам» у праваслаўным храме?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.