Reform.news

Супрацоўніцу BYSOL Машу Анімію могуць выслаць з Украіны з-за заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта

Рэдакцыя Reform.news · 19 лістапада 2026, 15:55

https://reform.news/be/supraco-nicu-bysol-mashu-animiju-moguc-vyslac-z-ukrainy-z-za-zakanchjennja-tjerminu-dzejannja-pashparta/

Супрацоўніца фонду беларускай салідарнасці BYSOL Маша Анімія, якая дапамагае беларускім добраахвотнікам ва Украіне, рызыкуе страціць права на легальнае знаходжанне ў краіне. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Тэрмін дзеяння яе пашпарта заканчваецца 16 снежня 2026 года. Пасля гэтай даты беларуска можа апынуцца ва Украіне без законных падстаў для знаходжання, нягледзячы на тое, што пастаянна жыве ў краіне з 2024 года і знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Украіны.

Маша Анімія працуе ў BYSOL з 2020 года. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання яна занялася арганізацыяй дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Фонд збірае сродкі на экіпіроўку, аўтамабілі, запчасткі і рэабілітацыю ветэранаў. Паводле слоў Аніміі, з 2022 года на гэтыя мэты ўдалося сабраць больш за 800 тысяч еўра.

Ва Украіну яна пачала прыязджаць як валанцёр у 2023 годзе, а ў 2024-м пераехала на пастаяннае месца жыхарства. Першапачаткова атрымала часовы від на жыхарства на падставе валанцёрскай дзейнасці. Пазней выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца і легалізавала сваё знаходжанне праз шлюб. Аднак цяпер ні валанцёрская дзейнасць, ні наяўнасць мужа-ўкраінца не дазваляюць ёй заставацца ў краіне пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

У кастрычніку 2026 года споўнілася два гады з дня яе вяселля. Гэта дазволіла беларускай актывістцы падаць дакументы на атрыманне дазволу на іміграцыю, неабходнага для наступнага афармлення ўкраінскага грамадзянства. Аднак, паводле слоў Аніміі, разгляд заявы займае каля паўгода, таму рашэнне можа быць прынята толькі ў красавіку 2027 года. Да таго часу яе беларускі пашпарт ужо будзе несапраўдным, а без яго атрымаць дазвол на іміграцыю немагчыма.

«Ніхто не можа загадзя прадбачыць такія нюансы: пазнаёміцца, закахацца, ажаніцца паводле раскладу. Сюррэалізм сітуацыі ў тым, што я падаю дакументы, у мяне ўсё правяраюць, я праходзіла паліграф і ўсе магчымыя праверкі, у тым ліку Службы бяспекі Украіны. Тут усё окей, я дакладна не шпіён, не агент.

У мяне прымаюць дакументы на падачу. То бок яны як бы прызнаюць, што я чалавек, які жыве тут, што ў мяне тут муж, я пастаянна жыву на тэрыторыі краіны, але атрымаць яго (дазвол на іміграцыю. – РС) я не змагу. А без яго я не магу падаваць дакументы на грамадзянства. Калі вы прызнаеце, што чалавек окей, чаму б яму гэты дазвол не выдаць?» – разважае беларуска.

Яна звяртае ўвагу на супярэчнасці ва ўкраінскім заканадаўстве. Паводле яе слоў, сужэнцы замежных добраахвотнікаў могуць легалізавацца ва Украіне нават з пратэрмінаванымі пашпартамі, аднак для сужэнцаў украінскіх вайскоўцаў аналагічнай магчымасці няма.

«Калі б у мяне муж быў беларускім добраахвотнікам, я б спакойна жыла далей», – адзначае Анімія.

У міграцыйнай службе ёй прапанавалі іншы варыянт: пасля трох гадоў шлюбу з грамадзянінам Украіны падаць дакументы на грамадзянства, у тым ліку з пратэрмінаваным пашпартам. Аднак да гэтага моманту ёй давялося б амаль год знаходзіцца ў краіне нелегальна.

Акрамя таго, для такога афармлення грамадзянства патрабуецца даведка аб адсутнасці судзімасці ў Беларусі, атрымаць якую можна толькі пры асабістым наведванні краіны. Пры гэтым сама беларуска знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі і Расіі, а на радзіме супраць яе распачаты крымінальныя справы за яе дзейнасць.

Анімія распавяла, што накіравала дзясяткі зваротаў ва ўкраінскія дзяржаўныя органы, уключаючы Дзяржаўную міграцыйную службу і ўпаўнаважанага па правах чалавека. На многія звароты яна не атрымала адказу, на іншыя прыходзілі фармальныя тлумачэнні накшталт «законам не прадугледжана такая катэгорыя людзей, як члены сем’яў украінскіх вайскоўцаў з беларускімі пашпартамі».

«Самае цяжкае для мяне ў гэтай сітуацыі, што ніхто не можа мне канкрэтна сказаць, што рабіць. Увогуле ніхто з усіх органаў, у якія я звярталася і куды хадзіла на кансультацыі, не можа мне сказаць: зрабі так і так», – адзначыла яна.

Цяпер беларуска разглядае магчымасць выезду ў Літву, дзе раней жыла, аднак не ведае, ці зможа легалізавацца там. Акрамя таго, гэта азначала б расстанне з мужам, які падчас вайны не можа пакідаць Украіну. Анімія таксама спадзяецца на змены ва ўкраінскім заканадаўстве, якія дазволілі б ёй застацца ў краіне. Аднак тэрміны прыняцця адпаведных паправак невядомыя.

Раней сужэнцы ўкраінскіх вайскоўцаў маглі законна жыць ва Украіне да заканчэння ваеннага становішча на падставе часовага віду на жыхарства, тлумачыць Маша. Аднак летам гэтага года гэты від на жыхарства адмянілі.

«Вось шаснаццатага снежня. У мяне няма пашпарта, я нелегал, у мяне няма банкаўскай карты (Машы, як і многім беларусам, не адкрываюць банкаўскі рахунак ва Украіне. – РС), мяне могуць у любы момант спыніць, праверыць, і я павінна буду заплаціць штраф», – кажа Маша пра свае перспектывы.

Паводле яе слоў, з аналагічнымі праблемамі сутыкаюцца і іншыя беларусы ва Украіне. Пасля таго як яна пачала публічна распавядаць пра сваю сітуацыю, ёй сталі пісаць суайчыннікі з пратэрмінаванымі дакументамі, якія не гавораць публічна пра свае праблемы. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што ўкраінскія чыноўнікі прапануюць вярнуцца ў Беларусь для замены пашпарта, нягледзячы на рызыку крымінальнага пераследу.

«Часам мне пішуць, што галоўнае цяпер выратаваць сябе, падумаць пра сваю бяспеку: “З’язджайце, падавайце дакументы на статус бежанца”. Але я хачу пазмагацца, таму што ў мяне ёсць падставы працягваць тут жыць. Я пастаянна даказваю гэта сваёй працай. Наша праца робіць немалы ўнёсак у абараназдольнасць Украіны. Навошта было ўносіць у Канстытуцыю права людзей на сям’ю, калі яно зусім не выконваецца?! Я лічу, што дзяржава для людзей, а не людзі для дзяржавы», – падкрэсліла Анімія.

Рэклама

Пакінуць адказ