Фото: president.gov.by
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адпраўлены ў адстаўку. Такая фармулёўка ўтрымліваецца ва ўказе №11 ад 15 студзеня аб яго вызваленні ад пасады, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«У адпаведнасці з артыкулам 119 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызваліць Субоціна Аляксандра Міхайлавіча ад пасады старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў сувязі з выхадам у адстаўку», — гаворыцца ў дакуменце.
Учора Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка, які да гэтага быў паслом Беларусі ў Расіі. Гаворачы пра будучыню Субоціна, Лукашэнка адзначыў, што яго кампетэнцыі будуць выкарыстаны на «вонкавым контуры». Пры гэтым ён дапусціў, што Субоцін, магчыма, прыйшоў да высновы, што кіраўніцтва — гэта не яго сцежка.
«Ну, можа быць, выгаранне. Можа быць, адчуў, што, напэўна, не яго. Усё ж такі быць кіраўніком — гэта вельмі-вельмі няпроста», — сказаў Лукашэнка.