Статкевіч падзякаваў беларусам за падтрымку

Мікалай Статкевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале паведамленне, у якім падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго і яго жонку Марину Адамовіч у гады яго зняволення.

“Мы з Марынай шчыра дзякуем усім, хто віншаваў нас з маім вызваленнем, хто прапанаваў падтрымку, хто ўсе гэтыя гады падтрымліваў нас. Для нас гэта тым больш важна, таму што мы ведаем, колькі намаганняў прыкладаў і прыкладае кіруючы рэжым для разбурэння чалавечай салідарнасці”, — напісаў ён.

Паводле яго слоў, у зняволенні супрацоўнікі калоніі перыядычна казалі яму, што «на волі пра яго ўсе забыліся».

“Я адказваў, што, нават калі гэта і так, то што гэта змяняе ў маёй пазіцыі? Але, на самай справе, ніколі не верыў у сваю «непатрэбнасць», таму што адчуваў вашу падтрымку і тады, калі лісты да мяне яшчэ даходзілі (ведаю, што многія людзі заплацілі за салідарнасць сваёй уласнай свабодай), і тады, калі апынуўся на 3 гады ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Таму што ваша цяпло ахінала мяне. І я адчуваў яго амаль фізічна”, — расказаў палітык.

Статкевіч нагадаў пра тых, хто па-ранейшаму застаецца за кратамі.

“Чым больш улада баіцца «свайго» народа, тым больш яна сіл і сродкаў накіроўвае на тое, каб знішчыць салідарнасць паміж людзьмі, ператварыць іх у статак запалоханых адзіночак. Але, як мы пераконваемся цяпер, гэтыя намаганні аказаліся безвыніковымі. Таму што салідарнасць была закладзена ў нас на ўзроўні інстынктаў мільёны гадоў таму, калі нашы продкі яшчэ не былі нават пралюдзьмі. Так сама, як клопат пра дзяцей, напрыклад. І ніхто не ў стане гэта знішчыць. Інакш мы проста перасталі б быць людзьмі. Сапраўднымі людзьмі… І кожны раз так кранальна, так шчыміць у сэрцы, калі незнаёмыя людзі (і гэта ў нашай падчыстую «зачышчанай» краіне!) віншуюць, нават плачуць, убачыўшы нас разам. Да слёз на нашых вачах. Дзякуй вам, Людзі”, — напісаў ён.

“Але вельмі балюча хвалюе, як шмат людзей яшчэ застаюцца ў зняволенні. Памятаем пра іх, падтрымліваем іх родных, робім усё дзеля іх вызвалення. Свабоду ўсім палітвязням”, — дадаў Статкевіч.

Нагадаем, Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Цяпер Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца нявызначаным.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!