Сталі вядомыя падрабязнасці ператрусаў у стыпендыятаў SALT

Праваабаронцы расказалі падрабязнасці ператрусаў, якія праходзяць у атрымальнікаў стыпендыі праграмы EU4Belarus — SALT.

Да аднаго з атрымальнікаў стыпендыі прыйшлі па месцы рэгістрацыі і распытвалі яго маці пра тое, дзе ён вучыцца і працуе. Сілавікоў цікавіла, якія ў яго планы і ці высылаюць яму грошы бацькі, яны таксама пакінулі нумар, па якім можна з імі звязацца. Маці прымусілі падпісаць падпіску аб неразгалошванні, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле слоў крыніцы, сілавік заявіў, што для бяспечнага вяртання ў Беларусь трэба выдаліць усе чаты, звязаныя з SALT.

«Вясна» таксама атрымала інфармацыю яшчэ пра два ператрусы ў розных гарадах Беларусі 25 лістапада. Атрымальніка стыпендыі, які знаходзіцца ў Беларусі, не затрымалі, але пасля гутаркі ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У пастановах фігуравалі артыкулы аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК), змове з мэтай захопу ўлады (арт. 357 КК) і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (арт. 361 КК).

Нагадаем, 26 лістапада «Наша Ніва» паведаміла, што КДБ праводзіць ператрусы ў атрымальнікаў стыпендый па праграме EU4Belarus SALT. Паводле інфармацыі выдання, у некаторых ордарах на ператрус фігуруе артыкул аб «экстрэмісцкім фарміраванні».

Адзін з атрымальнікаў стыпендыі расказаў выданню, што ў маі адміністратар праекта разаслаў інфармацыйны бюлетэнь, не схаваўшы адрасы атрымальнікаў. Усяго ў спісе рассылкі было 358 электронных адрасоў.

Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPMA), якое адмініструе стыпендыяльную праграму Еўрасаюза EU4Belarus SALT, пацвердзіла ўцечку персанальных даных удзельнікаў праграмы ў маі 2026 года ў выніку чалавечай памылкі.

SALT (Support for Advanced Learning and Training) — стыпендыяльная праграма Еўрасаюза для беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў і выкладчыкаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу.