“Наша Ніва” паведаміла пра ператрусы ў стыпендыятаў праграмы EU4Belarus — SALT

КДБ праводзіць ператрусы ў атрымальнікаў стыпендый па праграме Еўрасаюза EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training). Пра гэта паведамляе “Наша Ніва”.

Паводле інфармацыі выдання, у частцы ордараў на ператрус фігуруе артыкул аб “экстрэмісцкім фарміраванні”.

«Наша Ніва» піша, што адзін з атрымальнікаў стыпендыі распавёў, як у маі адміністратар праекта разаслаў выпуск бюлетэня. Пры гэтым адрасаты рассылкі не былі схаваныя. Усяго ў спісе рассылкі было 358 адрасоў.

Сайт eu4belarus.info, на якім былі старонкі праграм SALT, SALT II, SALT III і Education for Belarusians, унеслі ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у ліпені гэтага года. Тады ж у яго трапіў сайт Цэнтральнага агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPVA), якое адмініструе праграмы.

“Наша Ніва” не мае інфармацыі пра затрыманні.

SALT (Support for Advanced Learning and Training) — стыпендыяльная праграма Еўрасаюза для беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў, выкладчыкаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу.