Спецпасланнік Трампа растлумачыў сваю адсутнасць у Беларусі падчас візіту Грэма

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што не ўдзельнічаў у майскім візіце ў Беларусь па ўласным выбары і што Беларусь не ўваходзіла ў кола яго задач. Гэта прагучала ў адказ на пост палітыка Валерыя Цапкалы ў X, у якім ён разважае пра стан амерыкана-беларускіх перамоў аб вызваленні палітычных зняволеных і выказвае меркаванне, што працэс зайшоў у тупік.

“Вы ўсё няправільна зразумелі. Я не паехаў мінулым разам па ўласным жаданні. Беларусь не ўваходзіла ў мае планы. Паездка была арганізавана для таго, каб Франклін Грэм мог прапаведаваць, што ён і зрабіў. Мая работа не мела да гэтага ніякага дачынення”, — напісаў Джон Коўл у X.

У сваёй публікацыі Цапкала выказвае меркаванне, што нядаўні візіт у Мінск кіраўніка французскай разведкі Нікаля Лернера можа сведчыць пра спробу Еўропы ўзяць на сябе ініцыятыву ў адносінах з рэжымам Лукашэнкі.

На яго думку, ЗША выканалі адно з ключавых патрабаванняў Мінска, зняўшы санкцыі з беларускага калію, але без доступу да еўрапейскіх або ўкраінскіх транзітных маршрутаў Беларусь не можа аднавіць экспарт у поўнай меры. Паводле яго версіі, Лукашэнка разлічваў, што Вашынгтон пераканае партнёраў садзейнічаць транзіту, але гэтага не адбылося.

У якасці другой прычыны магчымага «ахаладжэння» ён назваў публічнае згадванне Коўлам Святланы Ціханоўскай у кантэксце вызвалення палітычных зняволеных. Ён падкрэсліў, што пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прыняў разам з Грэмам жонку Коўла, журналістку Грэту ван Сустэрэн.

Нагадаем, 16–17 мая ў мінскай «Чыжоўка-Арэне» прайшоў «Фестываль надзеі», у якім прынялі ўдзел пратэстанцкія цэрквы. У Беларусь з ЗША прыбыў Франклін Грэм, прэзідэнт і генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!