Следчы камітэт распавёў пра крымінальную справу супраць Ваданосавай

Следчы камітэт паведаміў, што прыняў да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні да вядучай і спявачкі Кацярыны Ваданосавай. На мінулым тыдні Генпракуратура заявіла, што ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле за рэабілітацыю нацызму ў дачыненні да 39-гадовай мінчанкі з падвойным прозвішчам на К і В. Цяпер жа СК адкрыта назваў яе.

“Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прынята да вытворчасці і расследуецца крымінальная справа, узбуджаная Генеральнай пракуратурай у дачыненні да 39-гадовай ураджэнкі Мінска Кацярыны Каланчук-Ваданосавай”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

У СК таксама заявілі, што Ваданосава дзейнічае ў цеснай змове з “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і праз “YouTube-канал сістэматычна і мэтанакіравана вырабляе і распаўсюджвае матэрыялы, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму”. У паведамленні таксама падкрэсліваецца, што “асаблівая небяспека” заключаецца ў “мэтанакіраваным дэструктыўным уздзеянні на свядомасць насельніцтва”.

“Кантэнт наўмысна разлічаны на неабмежаваную аўдыторыю, асабліва на моладзь, і накіраваны на тое, каб перапісаць гісторыю, апраўдаць нацысцкія злачынствы, сеяць рэваншысцкія настроі і падрываць фундаментальныя каштоўнасці беларускага народа — памяць пра Вялікую Перамогу, павагу да подзвігу продкаў, непрымірымасць да нацызму і фашызму”, — заявіў прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

Справа расследуецца па ч. 3 арт. 130-1 КК (“Рэабілітацыя нацызму, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове з выкарыстаннем глабальнай сеткі інтэрнэт”).

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!