Максим Рыженков. Фото: МИД
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку сустрэўся з кіраўніком МЗС Польшчы. Таксама ён правёў сустрэчы з калегамі са Славакіі, Ірана, Танзаніі, Манголіі, Нікарагуа, Батсваны і Судана.
Як расказалі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства, з кіраўніком МЗС Славакіі Юраем Бланарам абмяркоўваліся двухбаковыя адносіны і “магчымыя кірункі для іх развіцця ў цяперашніх няпростых умовах”. Гаворка ішла таксама пра сітуацыю ў рэгіёне. Бакі выказалі ўпэўненасць у неабходнасці захавання каналаў камунікацыі адкрытымі для найхутчэйшага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.
Падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Ірана Абасам Аракчы ішла размова пра графік будучых візітаў і сустрэч, парадак дня пасяджэння сумеснай гандлёва-эканамічнай камісіі. Бакі таксама падкрэслілі безальтэрнатыўнасць мірнага вырашэння канфлікту ў блізкаўсходнім рэгіёне і абмеркавалі перспектывы прасоўвання Еўразійскай хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXI стагоддзі.
Сустрэча з міністрам замежных спраў і ўсходнеафрыканскага супрацоўніцтва Танзаніі Махмудам Табітам Комба была прысвечана падрыхтоўцы візіту прэм’ер-міністра гэтай краіны ў Беларусь.
Таксама арганізацыя візіту была тэмай перамоў з міністаркай замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг. У Беларусь павінна прыехаць мангольская дэлегацыя на вышэйшым узроўні. Абмяркоўвалася правядзенне прымеркаванага да візіту бізнес-форуму і іншых мерапрыемстваў.
Падчас сустрэчы з суміністрам замежных спраў Нікарагуа Вальдракам Янчке была закранута сітуацыя ў Цэнтральнай Амерыцы, а таксама двухбаковы парадак дня, уключаючы рэалізацыю рашэнняў гандлёва-эканамічнай камісіі.
З кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Батсваны Феньё Бутале абмяркоўваліся будучыя візіты на вышэйшым узроўні. Акрамя таго, ішла гаворка пра стварэнне зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў Батсване і павелічэнне колькасці батсванскіх студэнтаў у Беларусі.
Нарэшце, падчас размовы з міністрам замежных спраў Судана Махідзінам Салемам дыпламаты абмяняліся меркаваннямі па пытаннях забеспячэння харчовай бяспекі. У першую чаргу гэта датычыцца шырокай базы паставак абсталявання і тэхнікі, а таксама навучання суданскіх студэнтаў адпаведным спецыяльнасцям у Беларусі.