“Гэта пралеска, якая можа расквітнець”. Сікорскі сустрэўся з Рыжанковым

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сустрэўся ў Нью-Ёрку з кіраўніком беларускага МЗС Максімам Рыжанковым. Пра гэта Сікорскі расказаў польскім журналістам.

Паводле яго слоў, ААН з’яўляецца нейтральнай пляцоўкай, што дазваляе праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі краін, адносіны з якімі ўскладненыя.

Сікорскі адзначыў, што сустрэчы на такім узроўні не праводзіліся з 2016 года. Міністр дадаў, што сітуацыя на мяжы нармалізаваная, у тым ліку за кошт памежнай агароджы.

“Мы таксама маем справу з вызваленнем палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута. Такім чынам, суседзям дазволена больш, ёсць больш падстаў, каб спрабаваць стабілізаваць свае адносіны”, — сказаў ён, перадае РАР.

Сікорскі сказаў, што падчас размовы абмяркоўваліся сітуацыя на мяжы, рэгіянальная бяспека. Журналісты спыталі ў міністра, ці прасіў ён аб тым, каб Беларусь не дазваляла пралёт расійскіх дронаў і ракет над сваёй тэрыторыяй. Сікорскі адказаў: “Сярод іншага”.

«Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але таксама праходзяць сустрэчы іншых органаў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрыем новы будынак пасольства ў Мінску. Калі сусед хоча размарозіць і палепшыць адносіны, Польшча заўсёды першай ідзе на пагадненне», — растлумачыў ён.

У міністра таксама пацікавіліся, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае Лукашэнку. Ён адказаў, што Польшча як дзяржава прызнае іншыя дзяржавы, а не ўрады. Адказваючы на пытанне, ці азначае гэта нармалізацыю адносін з Беларуссю, Радаслаў Сікорскі звярнуўся да метафары.

«Гэта як пралеска, якая можа расквітнець, калі надвор’е будзе спрыяць», — сказаў ён.

У МЗС Беларусі пацвердзілі факт сустрэчы.

“Сустрэча з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім была прысвечана ацэнцы стану беларуска-польскіх адносін і шляхоў іх далейшага развіцця ў інтарэсах народаў дзвюх краін. Бакі таксама абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне”, — гаворыцца ў паведамленні беларускага міністэрства.