Гомельский дорожно-строительный колледж. Фото: ggdst.gomel.by
25 сакавіка ў Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы пабіліся двое 17-гадовых навучэнцаў. Адзін з іх атрымаў удар нажом і памёр у бальніцы. Следчы камітэт высветліў, што падлеткі канфліктавалі ўжо даўно, але кіраўніцтва каледжа нічога не рабіла.
Бойка адбылася раніцай 25 сакавіка ў памяшканні майстэрні навучальнага палігона. Абвінавачаны ўдарыў аднагрупніка нажом. Пацярпелага даставілі ў бальніцу, але ён памёр, нягледзячы на намаганні ўрачоў. Абвінавачаны заключаны пад варту. Яму прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве.
Паміж загінулым і абвінавачаным быў працяглы канфлікт. Нягледзячы на гэта, у каледжы не праводзілі індывідуальна-прафілактычную работу з падлеткамі і, нягледзячы на непрыязныя адносіны, накіравалі на практыку ў адной падгрупе.
У адрас Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі ўнесена прадстаўленне з патрабаваннем ліквідаваць недахопы і ўпушчэнні ў арганізацыі работы з навучэнцамі каледжа. Яно было разгледжана на сходзе інстытута пры ўдзеле Міністэрства адукацыі ў прысутнасці педагагічнага складу і кіраўніцтва каледжа.
Таксама выпрацаваны меры па навядзенні парадку ў навучальна-выхаваўчым працэсе, абмеркаваны меры дысцыплінарнай адказнасці ў дачыненні да работнікаў сферы адукацыі.