Сілавікі праводзяць ператрусы і допыты людзей, якія маюць дачыненне да ЕГУ — праваабаронцы

У Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа па факце супрацоўніцтва з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, прызнаным «экстрэмісцкай арганізацыяй». Сілавікі праводзяць ператрусы і допыты па ўсёй краіне, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Па якім артыкуле ўзбуджаная справа — невядома. Магчыма, паводле артыкула аб удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы і допыты адбываюцца ў людзей, якія маюць якое-небудзь дачыненне да ЕГУ. Сілавікі пагражаюць дзейным студэнтам крымінальным пераследам, калі тыя не адлічацца з універсітэта.

Пагрозы крымінальнага пераследу атрымліваюць таксама сваякі студэнтаў. Сілавікі заяўляюць, што затрымаюць іх па крымінальнай справе, калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ.

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 12 чалавек, да якіх прыйшлі сілавікі.

Нагадаем, Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільні ЕГУ разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, „альтэрнатыўных“ трактоўак гістарычных, культурных і іншых падзей».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!