Сілавікі назвалі інфармацыю пра смерць у калоніі Пастнова фэйкам

Звязаны з беларускімі сілавікамі тэлеграм-канал заявіў, што інфармацыя пра смерць у калоніі псіхіятра Ігара Пастнова з’яўляецца фэйкам.

У якасці доказу ў канале апублікавана кароткае відэа з падобным да Пастнова мужчынам у турэмнай робе з белай біркай без тэксту. Пры спампоўванні роліка відаць яго назву, якую далі сілавікі, — “постнов2”.

«Добры дзень. Артыкул 167 частка 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — кажа мужчына, не гледзячы ў камеру.

Здымка вядзецца такім чынам, каб на сцяне быў бачны каляндар. На ім адзначана сённяшняя дата — 5 кастрычніка. Зрэшты, гэта не дае падставы сцвярджаць, што відэа запісвалася менавіта 5 кастрычніка.

Нагадаем, інфармацыя пра смерць у віцебскай калоніі Ігара Пастнова з’явілася 4 кастрычніка.

Артыкул 167 КК прадугледжвае адказнасць за Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Частка 3 — “дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы”. Пакаранне прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

***

Пастноў атрымаў шырокую вядомасць у 2013 годзе пасля публічнай крытыкі праблем у працы віцебскіх медыцынскіх устаноў. Пасля выступу на тэлеканале «Белсат», дзе Пастноў крытыкаваў дзейнасць тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, яго прымусова змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. У клініцы ён правёў больш за месяц.

У 2014 годзе Пастноў звярнуўся ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расіі. Паводле вынікаў абследавання спецыялісты заявілі, што ён не меў патрэбы ў псіхіятрычным лячэнні.

У 2018 годзе супраць Пастнова распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. У маі 2019 года суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ужо ў ліпені таго ж года Пастноў апынуўся на волі.

Пазней ён працаваў урачом-псіхіятрам у Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. У 2020 годзе Пастноў крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за рэакцыю ўладаў на пандэмію каранавіруса.

Пасля Пастноў зноў апынуўся ў зняволенні. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён знаходзіўся ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку і падвяргаўся жорсткаму абыходжанню з боку адміністрацыі. Былыя зняволеныя расказвалі пра яго цяжкае становішча і працяглае ўтрыманне ў штрафным ізалятары.