У наваполацкай калоніі памёр віцебскі псіхіятр Ігар Пастноў

У наваполацкай папраўчай калоніі №1 памёр віцебскі ўрач-псіхіятр Ігар Пастноў. Пра гэта са спасылкай на крыніцы паведаміў у Facebook праваабаронца Павел Левінаў.

“Пайшоў з жыцця Ігар Аляксеевіч Пастноў — віцебскі ўрач-псіхіятр, чалавек, які не згаджаўся маўчаць там, дзе ад яго гэтага патрабавалі. У 2013 годзе Пастнова прымусова змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. Яго перакананні спрабавалі прадставіць праявай хваробы, а самога Ігара — абмежаваць у магчымасці ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці.

Пазней была заведзеная крымінальная справа аб нібыта паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. Пастноў сцвярджаў, што пракурор злоўжываў сваім становішчам. Пасля Раманоўскі сам апынуўся пад крымінальным пераследам і быў асуджаны.

Але пераслед Ігара на гэтым не скончыўся. Яго зноў пазбавілі волі. У зняволенні ён падвяргаўся зневажальнаму абыходжанню і працягламу ўтрыманню ў ШІЗА. Паводле наяўнай інфармацыі, у 2023 годзе ён правёў там каля 150 сутак. Ігар памёр у зняволенні”, – напісаў ён.

Як піша “Віцебская Вясна”, Пастноў нарадзіўся ў Віцебску 30 мая 1968 года, скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут з адзнакай, шмат гадоў працаваў педыятрам, а затым атрымаў дадатковую адукацыю па спецыяльнасці «псіхіятрыя».

Шырокую вядомасць ён атрымаў у 2013 годзе пасля публічнай крытыкі праблем у працы віцебскіх медыцынскіх устаноў. Пасля выступу на тэлеканале «Белсат», дзе Пастноў крытыкаваў дзейнасць тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, яго прымусова змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. У клініцы ён правёў больш за месяц.

У 2014 годзе Пастноў звярнуўся ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расіі. Паводле вынікаў абследавання спецыялісты заявілі, што ён не меў патрэбы ў псіхіятрычным лячэнні.

У 2018 годзе супраць Пастнова распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. У маі 2019 года суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ужо ў ліпені таго ж года Пастноў апынуўся на волі.

Пазней ён працаваў урачом-псіхіятрам у Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. У 2020 годзе Пастноў крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за рэакцыю ўладаў на пандэмію каранавіруса.

Пасля Пастноў зноў апынуўся ў зняволенні. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён знаходзіўся ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку і падвяргаўся жорсткаму абыходжанню з боку адміністрацыі. Былыя зняволеныя расказвалі пра яго цяжкае становішча і працяглае ўтрыманне ў штрафным ізалятары. Паводле даных Паўла Левінава, у 2023 годзе Пастноў правёў у ШІЗА каля 150 сутак.

Дакладныя абставіны і прычына смерці Пастнова пакуль невядомыя.

“У яго не было ўласнай сям’і: яго маці, з якой ён жыў, таксама памерла. Але Ігар не быў адзінокі. У яго былі сябры і паплечнікі, якія падтрымлівалі яго і працягвалі гаварыць пра яго пасля зняволення. Цяпер яны хочуць годна пахаваць Ігара. Але, паводле наяўнай інфармацыі, дзяржава адмаўляецца перадаць ім яго цела. І ў гэтым — асаблівая жорсткасць таго, што адбываецца: чалавек ужо памёр, але нават пасля смерці сістэма працягвае распараджацца тым, што ад яго засталося. Абставіны смерці Ігара Пастнова патрабуюць высвятлення і незалежнага расследавання”, – падкрэсліў ён.