Сібіга заклікаў міжнародную супольнасць захоўваць пільнасць у сувязі з вучэннямі ў Гродзенскай вобласці

Украіна заклікае міжнародную супольнасць захоўваць пільнасць у сувязі з мабілізацыйнымі вучэннямі, якія праводзяцца ў Гродзенскай вобласці Беларусі. Пра гэта заявіў у X міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

“З 20 чэрвеня па 2 ліпеня ваенкамат Ашмянскага раёна выклікае каля 2000 прызыўнікоў і арганізуе пункты папярэдняга збору. Хоць афіцыйна гэтыя дзеянні класіфікуюцца як планавая праверка даных, насамрэч яны з’яўляюцца тактыкай запалохвання суседніх дзяржаў. Беларускае кіраўніцтва не дэманструе ніякага намеру знізіць напружанасць. Наадварот, Мінск узмацняе сваю ваенную прысутнасць паблізу межаў Украіны і краін НАТА”, — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

“Гэтая стратэгія адпавядае інтарэсам Крамля і ўяўляе сабой палітычны шантаж, які проста супярэчыць публічным заявам беларускага кіраўніцтва пра мір. Украіна працягвае ўважліва сачыць за дзеяннямі Беларусі, зноў папярэджвае Мінск аб недапушчальнасці паглыблення яго ўдзелу ў расійскай агрэсіі і заклікае міжнародную супольнасць узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, — заявіў ён.

Нагадаем, як раней заяўлялі ў Міністэрстве абароны Беларусі, вучэнне працягнецца да 26 чэрвеня. Падчас вучэння каля камісарыятаў і іншых аб’ектаў могуць быць чутныя выбухі і стрэлы. Магчыма абмежаванне руху на асобных вуліцах паблізу ваенных камісарыятаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!