Сібіга: Лукашэнка ўяўляе пагрозу для Украіны

Аляксандр Лукашэнка уяўляе сабой пагрозу для Украіны. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

«Беларусь пры рэжыме Лукашэнкі і сам Лукашэнка ў цяперашні час уяўляюць пагрозу бяспецы Украіны», — прыводзіць яго словы прэс-служба МЗС Украіны.

Ён дадаў, што Кіеў будзе падтрымліваць адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ў бліжэйшы час зацвердзіць стратэгічны дакумент, які будзе вызначаць палітыку ў дачыненні да Беларусі.

«У нас ёсць добраахвотнікі з Беларусі, якія змагаюцца за абарону нашай незалежнасці і нашай краіны, і гэтыя дэмакратычныя сілы, якія бачаць будучыню, заснаваную на добрасуседскіх адносінах з Украінай, — гэта, натуральна, сілы, з якімі мы будзем падтрымліваць кантакт і аказваць падтрымку. Менавіта таму адбылася гэтая сустрэча на прэзідэнцкім узроўні са спадарыняй Ціханоўскай, адной з лідараў беларускіх дэмакратычных сіл. Яна была сапраўды змястоўнай.

Мы прызначым спецыяльнага прадстаўніка, і я спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе зацверджаны стратэгічны дакумент, які вызначае нашу палітыку ў дачыненні да гэтай краіны», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!