Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка сёння ў вузкім коле вырашыў абмеркаваць праект указа аб фінансаванні навукі. Ён быў падрыхтаваны пасля лістападаўскай нарады, на якой Лукашэнка ўчыніў разнос вучоным.
На сённяшнюю нараду былі запрошаныя кіраўнікі Акадэміі навук, адміністрацыі Лукашэнкі, КДК, Міністэрства адукацыі, Міністэрства фінансаў, а таксама віцэ-прэм’ер.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў лістападзе з дакладу старшыні прэзідыума НАН Уладзіміра Караніка ён не пачуў, як будзе развівацца навука.
«Тады быў узняты шэраг старых новых пытанняў. На жаль, нічога новага і ў выступленні Уладзіміра Сцяпанавіча не было пра развіццё і, магчыма, рэфармаванне, мадэрнізацыю нашай Акадэміі навук. Але мы дамовіліся, што падрыхтуем праект указа аб удасканаленні ўвогуле навуковай дзейнасці, і вы ўнясеце гэты праект указа для разгляду», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Ён нагадаў, што гатовы плаціць вучоным толькі за вынік.
«У мяне пасля азнаямлення з праектам указа з’явілася нямала пытанняў. І я хацеў бы з вамі абмеркаваць гэтыя пытанні. Але тады на нарадзе мы ўмовіліся, што калі гаворка ідзе пра грошы, пра аплату, то механізм адзін — плаціць за вынік. Ёсць вынік — плацім. Няма выніку — ніякіх грошай не будзе. Як бы там нашы, безумоўна, разумныя вучоныя людзі ні падавалі гэтае пытанне», — сказаў ён.
Мяркуючы са слоў Лукашэнкі, праектам ён не цалкам задаволены.
«Пакуль выразна праглядаецца не вельмі шмат: базавае фінансаванне і магчымасці вучоным выкладаць у ВНУ. Ну а хто супраць? Ніхто не супраць. І сёння, на мой погляд, гэты працэс паспяхова развіваецца. А пра эфектыўнасць, вынікі навуковай дзейнасці? Тут адсыльныя нормы, як юрысты кажуць: “Гэта вызначыць урад”. Дык навошта мы тады праект указа ўносім?
Праект указа павінен быць поўным і ўсеабдымным. І ніякіх адсыльных нормаў. Каб людзі, якія будуць цікавіцца гэтым указам, перадусім вучоныя, разумелі, пра што ідзе гаворка, і колькі гэта будзе каштаваць», — працягнуў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе пытанні, якія ёсць у НАН, павінны быць вырашаныя да з’езда вучоных.
«Хто, навошта, колькі і чаму прапануе гэты праект указа? Самае галоўнае: чаго вы хочаце, што трэба? Часу было дастаткова, каб разабрацца. Вы разумны, вопытны чалавек. Упэўнены, разабраліся», — звярнуўся ён да Караніка.