Швед хоча стварыць пастаянны орган узаемадзеяння са сваім расійскім калегам

Старшыня Вярхоўнага суда Андрэй Швед прапануе стварыць пастаянны орган узаемадзеяння са сваім расійскім калегам Ігарам Красновым. Ініцыятыва звязана з мемарандумам аб супрацоўніцтве, падпісаным паміж Вярхоўнымі судамі Беларусі і Расіі.

“Мы прапануем сёння ў рабочым парадку разгледзець пытанне аб стварэнні пастаянна дзеючага органа па ўзаемадзеянні ў рамках выканання мемарандума. Можам назваць яго ў рабочым парадку як арганізацыйны савет па пытаннях правасуддзя пад старшынствам старшыняў вярхоўных судоў Беларусі і Расіі”, — сказаў Швед.

Ён таксама прапанаваў падрыхтаваць канкрэтны план дзеянняў пачынаючы з наступнага года. Як адзначалася раней, падпісаны мемарандум вызначае правілы і фарматы далейшага ўзаемадзеяння і накіраваны на забеспячэнне адзінства падыходаў да ажыццяўлення правасуддзя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!