Швецыя затрымала танкер, які накіроўваўся ў Расію

Берагавая ахова Швецыі затрымала танкер Sea Owl I, які накіроўваўся з Бразіліі ў расійскі порт Прыморск.

“Танкер Sea Owl I ходзіць пад каморскім сцягам. Шведская берагавая ахова падазрае, што ён не зарэгістраваны ў іх судовым рэестры, што ён ходзіць пад ілжывым сцягам і, адпаведна, няма дзяржавы сцяга, якая магла б гарантаваць бяспеку на борце. Судна знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС”, — гаворыцца ў паведамленні берагавой аховы.

228-метровы танкер быў затрыманы ўвечары ў чацвер. Ён накіроўваўся без грузу. На борце знаходзяцца прадстаўнікі шведскіх уладаў для агляду судна і апытання экіпажа. Расследаванне датычыцца непрыдатнасці судна да плавання.

Гэта ўжо другі выпадак з пачатку месяца, калі шведская Берагавая ахова затрымлівае судна, якое накіроўваецца ў расійскі порт.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!