Шматпавярховік разбураны ў Кіеве ў выніку расійскага ўдару

Расія працягвае масіраваную паветраную атаку на ўкраінскія гарады. Налёт пачаўся ўчора ўдзень. Сёння ноччу расійскі бок актыўна атакаваў Кіеў і вобласць.

Як паведамілі ў ДСНС Украіны, у Дарніцкім раёне ўкраінскай сталіцы было траплянне ў шматпавярховы жылы дом. Яго канструкцыі разбураныя. На раніцу ўдалося выратаваць 27 чалавек. Працягваюцца пошукі людзей пад заваламі.

Усяго ў Кіеве па стане на 7:30 мясцовага часу вядома пра 31 пацярпелага, у тым ліку адно дзіця. Таксама адзін чалавек загінуў.

Наступствы ўдараў ліквідуюцца ў пяці раёнах сталіцы, у тым ліку абломкі пашкодзілі кватэру на 12 паверсе жылога будынка, ёсць траплянне ў недабудаваны дом. Таксама беспілотнік урэзаўся ў пяціпавярховік.

У Кіеўскай вобласці пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Пашкоджаныя жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, аўтамабілі.

Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, з 18 гадзін 13 мая РФ выпусціла па Украіне 731 сродак паражэння, у тым ліку 675 беспілотнікаў і 56 ракет. Перад гэтым удзень 13 мая расіяне ўжылі каля 800 беспілотнікаў.

Украінская СПА ноччу і раніцай змагла нейтралізаваць 41 ракету, у тым ліку 29 крылатых ракет Х-101 і 12 балістычных ракет “Іскандэр-М”/С-400, а таксама 652 беспілотнікі.

Зафіксаваныя траплянні 16 ракет і 23 беспілотнікаў у 24 месцах, а таксама падзенне абломкаў беспілотнікаў у 18 лакацыях.

Атака працягваецца.

Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!