Шэраг краін байкатуюць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў з-за Беларусі і Расіі

Шэраг краін адмовіліся прымаць удзел у цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў, якая адбудзецца сёння ўвечары ў Вероне.

«Сем нацыянальных паралімпійскіх камітэтаў заявілі, што не будуць удзельнічаць па палітычных прычынах. Гэта: Чэхія, Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Польшча і Украіна”, — заяўляе Міжнародны паралімпійскі камітэт.

У цырымоніі будуць удзельнічаць спартсмены з 28 краін. Некаторыя краіны адмовіліся адпраўляць сваіх спартсменаў на цырымонію, спаслаўшыся на тое, што яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах раніцай у суботу.

Акрамя гэтага, Нацыянальны Паралімпійскі камітэт Нідэрландаў заявіў, што яго афіцыйныя асобы не будуць прысутнічаць на мерапрыемствах, дзе будуць бачныя расійскія або беларускія дзяржаўныя сцягі або будзе выконвацца гімн. Нідэрландскія спартсмены будуць самі вырашаць, ці прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання, калі беларускіх або расійскіх спартсменаў будуць узнагароджваць пад сцягамі іх краін.

Германія заявіла, што яе каманда не будзе ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця з салідарнасці з Украінай і ў сувязі з неабходнасцю засяродзіцца на будучых спаборніцтвах.

Нагадаем, Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у паралімпіядзе пад сцягамі сваіх краін.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!