Фото: t.me/kgk_oficial
У адной з сеткавых крам Краснаполля пакупнікам прапаноўвалі малочныя і кулінарныя вырабы са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Парушэнні выявіў Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.
Больш за 50 адзінак пратэрмінаванай прадукцыі сабралі ў цэнтры гандлёвай залы і прадавалі са зніжкамі да 50%. Паводле даных ведамства, тэрмін прыдатнасці прадуктаў скончыўся ад аднаго да 18 дзён таму.
Акрамя таго, на прылаўках крамы выявілі садавіну з прыкметамі гнілі і пашкоджанай лупінай.
Няякасную прадукцыю знялі з продажу. Загадчыцу крамы наймальнік пазбавіў прэміі, а працу гандлёвага аб’екта ўзялі на асаблівы кантроль.
Факты продажу пратэрмінаваных і няякасных тавараў таксама выявілі ў сеткавых крамах Крычава.