Юрий Селиверстов. Фото: посольство Беларуси в РФ
Пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў распавёў пра праблемы ў гандлі паміж Беларуссю і Расіяй. Яны датычацца аўтамабіляў «БелДжы» і непрызнання лічбавага подпісу, паведамляе БелТА.
«Нягледзячы на працу па ліквідацыі перашкод ва ўзаемным гандлі, яны ўсё яшчэ прысутнічаюць у той ці іншай форме. Ёсць тэхналагічныя перашкоды, напрыклад, ужо некалькі гадоў праблемай з’яўляецца незавершаная работа па прызнанні электроннага лічбавага подпісу. Аднак пытанне дагэтуль не вырашана», — заявіў Селіверстаў на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі 25 чэрвеня.
Ён падкрэсліў, што работа па прызнанні лічбавага подпісу павінна быць завершана сёлета.
У беларускага боку таксама ўзніклі праблемы з расійскімі патрабаваннямі па лакалізацыі вытворчасці. З-за гэтага беларускія вытворцы выключаюцца з праграм імпартазамяшчэння. Селіверстаў прывёў у прыклад завод «БелДжы», які страціў доступ да рынку таксі ў Расіі праз новыя патрабаванні да лакалізацыі.
«Так, часцяком у Расіі ўводзяцца патрабаванні да ўзроўню лакалізацыі вытворчасці, тым самым выключаючы беларускіх вытворцаў з праграм імпартазамяшчэння. Напрыклад, увядзенне патрабаванняў да аўтамабіляў для таксаматорных перавозак з сакавіка гэтага года фактычна адрэзала беларускі завод “БелДжы” ад гэтага важнага сегмента рынку.
Прымаюцца і іншыя меры, накіраваныя на так званае абяленне эканомікі, якія, з аднаго боку, абараняюць наш рынак ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з трэціх краін, аднак, з другога — ствараюць перашкоды для беларускіх экспарцёраў», — паскардзіўся Селіверстаў.
Чыноўнік адзначыў, што мэты такіх рашэнняў зразумелыя, але механізм павінен быць дапрацаваны, бо «любыя шурпатасці могуць прывесці да зніжэння паставак, а гэта працоўныя месцы людзей, якіх мы не можам падвесці».
Селіверстаў заклікаў максімальна спрасціць механізмы двухбаковага гандлю і больш старанна прадумваць рашэнні на этапе падрыхтоўкі.
«Як паказвае практыка, прадметная адпрацоўка асобных рашэнняў пачынаецца ўжо пасля іх прыняцця. А што перашкаджае рэгулятарам дзвюх краін праводзіць гэтую работу загадзя? Калі мы хочам і надалей развівацца, адзіны выхад — максімальнае спрашчэнне механізмаў двухбаковага гандлю. Я маю на ўвазе не адмену кантролю, а максімальна зразумелую і зручную для бакоў яго аўтаматызацыю, асабліва пры ўвядзенні новых рэгулятыўных механізмаў», — заявіў Селіверстаў.