Сейм Літвы пачаў разгляд паправак у Канстытуцыю аб ядзернай зброі

Сейм прыступіў да разгляду папраўкі ў Канстытуцыю, якая прапануе адмяніць палажэнне аб забароне размяшчэння на тэрыторыі Літвы зброі масавага знішчэння і замежных ваенных баз. Нядаўна такая ініцыятыва была ўзгоднена на нарадзе ў прэзідэнта краіны з удзелам асноўных палітычных сіл.

Паводле слоў спікера Сейма Юозаса Олекаса, які прадставіў праект, з моманту прыняцця Канстытуцыі сітуацыя ў сферы бяспекі Літвы, міжнароднае становішча дзяржавы і сродкі забеспячэння нацыянальнай бяспекі зведалі карэнныя змены. Ён звярнуў увагу на эскалацыю ядзернай рыторыкі, мадэрнізацыю ядзернага патэнцыялу і ўмацаванне ваеннай інфраструктуры ў суседніх з Літвой рэгіёнах, уключаючы Калінінградскую вобласць і Беларусь.

Пасля прэзентацыі папраўкі 89 дэпутатаў прагаласавалі за яе прыняцце, 11 выказаліся супраць, а 6 устрымаліся. Цяпер праект накіраваны на разгляд у профільны камітэт парламента. Сейм вернецца да яго падчас восеньскай сесіі.

Нагадаем, артыкул 137 Канстытуцыі абвяшчае, што Літва не можа валодаць зброяй масавага знішчэння і замежнымі ваеннымі базамі.

«Гэта канстытуцыйнае палажэнне было прынята пасля аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, гэта значыць у такіх гісторыка-геапалітычных умовах, калі расійскія ўзброеныя сілы яшчэ прысутнічалі на тэрыторыі дзяржавы, і адной з найважнейшых задач дзяржавы было забеспячэнне поўнага вываду акупацыйнай арміі, умацаванне суверэнітэту дзяржавы і прадухіленне любога прымусовага ўключэння ў постсавецкія Усходнія Саюзы», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакумента.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!