Фото: Ilse Driessen / Unsplash.com
Савет ЕС сёння афіцыйна зацвердзіў рэгламент, які прадугледжвае паэтапнае спыненне імпарту з Расіі трубаправоднага газу і звадкаванага прыроднага газу. Ён з’яўляецца ключавым этапам на шляху да дасягнення мэты праграмы REPowerEU па спыненні залежнасці ЕС ад расійскай энергетыкі.
“З сённяшняга дня энергетычны рынак ЕС стане мацнейшым, больш устойлівым і дыверсіфікаваным. Мы пазбаўляемся ад згубнай залежнасці ад расійскага газу і робім важны крок, у духу салідарнасці і супрацоўніцтва, да аўтаномнага энергетычнага саюза”, — заявіў міністр энергетыкі, гандлю і прамысловасці Кіпра, які старшынюе ў Савеце, Майкл Даміанас.
Як патлумачылі ў прэс-службе Еўрасавета, забарона на імпарт расійскага газу ўступіць у сілу праз шэсць тыдняў пасля ўступлення ў сілу рэгламенту. Для дзеючых кантрактаў прадугледжаны пераходны перыяд. У выніку поўная забарона на імпарт ЗПГ уступіць у сілу з пачатку 2027 года, а на імпарт трубаправоднага газу — з восені 2027 года.
Краіны ЕС будуць абавязаныя правяраць краіну, у якой быў здабыты газ, пры яго імпарце. Невыкананне новых правілаў пагражае штрафамі ў памеры не менш за 2,5 млн еўра для фізічных асоб і не менш за 40 млн еўра для кампаній, альбо не менш за 3,5% ад агульнага гадавога абароту кампаніі па ўсім свеце або 300% ад меркаванага абароту па здзелках.
Да 1 сакавіка краіны Еўрапейскага саюза павінны падрыхтаваць нацыянальныя планы па дыверсіфікацыі паставак газу і вызначыць патэнцыйныя праблемы, звязаныя з заменай расійскага газу.
“З гэтай мэтай кампаніі павінны будуць паведаміць улады і Камісію пра любыя астатнія кантракты на пастаўку расійскага газу. Краіны ЕС, якія па-ранейшаму імпартуюць расійскую нафту, таксама павінны будуць прадставіць планы дыверсіфікацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ў выпадку абвяшчэння надзвычайнай сітуацыі і сур’ёзнай пагрозы бяспецы паставак у адной або некалькіх краінах Еўракамісія можа прыпыніць дзеянне забароны на імпарт на тэрмін да чатырох тыдняў.
Цяпер рэгламент павінен быць апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС. Ён уступіць у сілу праз дзень пасля публікацыі і будзе прымяняцца непасрэдна ва ўсіх краінах ЕС.
Еўракамісія таксама плануе прапанаваць законапраект аб паэтапным спыненні імпарту расійскай нафты да канца 2027 года.