Фото: podlaski.strazgraniczna.pl
Расія планавала буйную правакацыю на мяжы Польшчы і Калінінградскай вобласці. Паводле інфармацыі Rzeczpospolita, расійскія спецслужбы планавалі ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада дыверсійную аперацыю на тэрыторыі Польшчы каля мяжы з Калінінградскай вобласцю, звязаную з магчымым парушэннем мяжы і імітацыяй атакі на аб’ект, які знаходзіцца таксама ў РФ. Аперацыя магла быць ажыццёўлена пад чужым сцягам, каб ускласці адказнасць на Украіну.
Выданне спасылаецца на асоб, звязаных з сілавымі структурамі, якія прысвечаныя ў дэталі прэвентыўнай аперацыі, якую праводзіў польскі бок. Нагадаем, у канцы мінулага месяца Польшча накіравала на мяжу з Калінінградскай вобласцю дадатковыя паліцэйскія сілы, а таксама правяла ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве вучэнні сіл спецыяльнага прызначэння. Прэм’ер-міністр Дональд Туск заяўляў, што польскім службоўцам удалося прадухіліць магчымую правакацыю: каля мяжы былі заўважаныя нейкія групы людзей. Аднак, паводле яго слоў, дакладна даведацца, што гэта было, наўрад ці ўдасца.
“У нас была інфармацыя пра канкрэтныя аб’екты, дзе магло дайсці да нападу. Расіяне планавалі вялікую колькасць ахвяр. Гэта павінна было нагадваць Гляйвіцкую правакацыю (аперацыя, праведзеная нацысцкай Германіяй і выкарыстаная ёю ў якасці падставы для нападу на Польшчу ў 1939 годзе – заўв.). Відавочна. тыя, хто перайшоў бы мяжу, былі б забітыя, альбо пры іх знайшлі б доказы, якія ўказваюць на тое, што яны былі з Украіны. Мэтай было спыненне дапамогі Украіне”, – цытуе выданне адну з крыніц.
Кіраўніцтва польскіх спецслужбаў насцярожыла тое, што на расійскім баку з’явіліся афіцэры расійскіх службаў, якія каардынуюць дыверсійныя аперацыі. Таксама былі атрыманыя папярэджанні ад спецслужбаў саюзнікаў.
Выданне адзначае, што няма дакладных даных, ці павінна была група дыверсантаў складацца з грамадзян Украіны, якія жывуць у Польшчы, або яны павінны былі прыехаць з іншых краін. Аналагічныя папярэджанні атрымалі ў Літве, Латвіі і Эстоніі.
Выданне запытала каментар у міністра-каардынатара спецслужбаў Томаша Семаняка. Ён не стаў абмяркоўваць дэталі магчымай правакацыі.
“Можна гэта рабіць у выпадку, калі нешта адбылося або было спынена. Астатняе – пэўная форма спекуляцыі. Калі мы зрабілі пэўныя крокі, то таму, што прызналі, што ёсць рэальная пагроза”, – адказаў ён.