Скриншот трансляции
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што польскія памежнікі, верагодна, прадухілілі правакацыю на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі. Учора было абвешчана пра пачатак спецаперацыі ў памежных ваяводствах з мэтай спынення магчымых інцыдэнтаў.
“Мы ўжо некаторы час атрымліваем інфармацыю ад нашых уласных службаў, а таксама ад службаў саюзнікаў, пра тое, што ў гэтыя дні, у першай палове лістапада могуць адбыцца дыверсіі або сур’ёзныя правакацыі на мяжы з Расійскай Федэрацыяй, альбо акты сабатажу, арганізаваныя варожымі службамі”, – сказаў Туск, адкрываючы пасяджэнне ўрада.
Паводле яго слоў, ён таксама атрымліваў падобныя папярэджанні ад камандуючага сіламі НАТА і ЗША Алекса Грынкевіча, калі той наведваў Варшаву.
“Атрымаўшы больш дакладную інфармацыю пра тое, што ў першай палове лістапада могуць адбыцца інцыдэнты, у тым ліку ўварванне ўзброеных людзей на тэрыторыю Польшчы, мы вырашылі накіраваць сур’ёзныя паліцэйскія сілы для ўзмацнення Памежнай аховы, уключаючы контртэрарыстычныя падраздзяленні.
Хачу шчыра падзякаваць усім, хто ў апошнія некалькі дзён рыхтаваўся да гэтых жудасных сцэнарыяў. Адразу пасля поўначы я атрымаў ад Памежнай аховы інфармацыю пра тое, што на польска-расійскай мяжы назіралася трывожнае перамяшчэнне. Там, на поўначы, былі людзі з ліхтарыкамі. Мы аператыўна мабілізавалі адпаведныя сілы і рэсурсы і здолелі прадухіліць спробу правакацыі, калі такая мела месца, відавочна, што ніколі мы не зможам пацвердзіць гэта да канца. Аднак, паводле ацэнкі Памежнай аховы, сітуацыя патрабавала мабілізацыі і кантролю на месцы.
Як я ўжо сказаў, гэтая напружанасць, гэтая эскалацыя з боку Расіі, можа працягвацца. Нельга сказаць, што нам удалося пазбегнуць якіх-небудзь драматычных падзей сёння, але мы павінны заставацца максімальна засяроджанымі і мабілізаванымі, каб прадухіліць патэнцыйныя дыверсіі або правакацыі не толькі на мяжы, але і ўнутры краіны”, – сказаў ён.